Суббота, 20.04.2024, 13:02
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Март 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Март » 3 » Аптымізаваць не пашыраючы штат?
Аптымізаваць не пашыраючы штат?
14:54
Бараўлянскi сельсавет i яго цэнтр — пасёлак Лясны — практычна прыгарад сталiцы. Адсюль да горада можна даехаць за паўгадзiны на маршрутным цi рэйсавым аўтобусах, якiя курсiруюць без перапынку. Штодзень грамадскiм транспартам карыстаюцца сотнi людзей, якiя працуюць у сталiцы, а жывуць у Бараўлянскiм сельсавеце. Або наадварот... Многiя мiнчане набылi тут кватэры, дамы i катэджы. Так што назва "сельсавет" у некаторай ступенi ўмоўная — па сваiм менталiтэце i ўзроўнi патрабаванняў большасць мясцовых жыхароў даўно не адрознiваецца ад сталiчных.

Па колькасцi насельнiцтва — больш за 25 тысяч чалавек — Бараўлянскi сельсавет даганяе не толькi многiя райцэнтры, а нават некаторыя раёны. Развiццё мясцовай iнфраструктуры ўжо не паспявае за мiграцыйнымi працэсамi i натуральным прыростам насельнiцтва. У гiмназii, разлiчанай на 400 вучняў, сёння займаецца 700. У школе, якую павiнны наведваць 700 чалавек, вучыцца 1,5 тысячы. На чаргу ў дзiцячы садок неабходна станавiцца ледзь цi не адразу ж пасля нараджэння дзiцяцi...

Але людзi хочуць будавацца i жыць менавiта тут, таму сёння Бараўлянскi сельсавет нагадвае вялiкую будпляцоўку. Колькасць тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, пастаянна павялiчваецца i падбiраецца да 5 тысяч. Людзi, якiя прыязджаюць сюды працаваць з iншых населеных пунктаў, рэгiструюцца i таксама становяцца ў чаргу на атрыманне кватэры. Сёння пры сельвыканкаме ўжо створаныя два жыллёва-будаўнiчыя кааператывы. Старшыня Бараўлянскага сельскага Савета Аляксандр Савончык не загадвае наперад. "Калi працэс будаўнiцтва пойдзе нармальна i завершыцца ў неабходны тэрмiн, то "кватэрная" чарга зменшыцца на 1,5 тысячы чалавек", — кажа ён.

На думку кiраўнiка мясцовага органа ўлады, штатны расклад самога сельвыканкама даўно не адпавядае патрабаванням гэтай тэрытарыяльнай адзiнкi. На сёння 11 з "паловай" супрацоўнiкаў ледзь спраўляюцца з наплывам наведвальнiкаў. Спецыфiка iх працы ў тым, што гэта не толькi "стацыянарны" прыём грамадзян, але i выезды "на месца" — па тых жа зямельных пытаннях або па праблемах, якiя знаходзяцца пад наглядам архiтэктара (увод дамоў у эксплуатацыю, кансервацыя будоўлi, рэканструкцыя, дазвол на будаўнiцтва i г.д.).

Напрыклад, у мiнулым годзе ў сельвыканкаме было зарэгiстравана 689 зваротаў грамадзян па зямельных пытаннях i 736 — па архiтэктурных.

— Мiж тым, землеўпарадчык у нас адзiн, а спецыялiст, якi займаецца пытаннямi архiтэктуры i будаўнiцтва, увогуле працуе на 0,5 стаўкi, — тлумачыць Аляксандр Савончык.

Дадатковы работнiк неабходны i ў кабiнет, дзе адбываецца рэгiстрацыя па месцы жыхарства i па месцы знаходжання, а таксама вырашаюцца жыллёвыя пытаннi. Праз кабiнет у прыёмны дзень праходзiць ад 60 да 100 чалавек. Двум спецыялiстам, кожны з якiх адказвае за свой участак работы, не заўсёды ўдаецца ўкласцiся ў вызначаныя часавыя рамкi. Падчас аўральных сiтуацый (а такiя не рэдкасць) даводзiцца выручаць адно аднаго.

Яшчэ сельвыканкаму неабходны юрыст, справавод, загадчык па гаспадарцы... Гэта — мiнiмум. Вядома, што "напружанне" са штатным раскладам перыядычна цi пастаянна зведвае большасць нiзавых уладных структур. Сёння "штатнае пытанне" з’яўляецца асаблiва балючым для сельсаветаў з вялiкай колькасцю насельнiцтва i развiтай вытворчай базай.

Аднак у Бараўлянскiм сельвыканкаме паспрабавалi мiнiмiзаваць праблему з недахопам кадраў, падышоўшы да яе вырашэння з iншага боку. Калi нельга пашырыць штат, значыць, неабходна аптымiзаваць работу наяўных спецыялiстаў. Гэта значыць, стварыць такiя ўмовы працы, якiя пазбавiлi б супрацоўнiкаў ад лiшняй мiтуснi: кожны з iх выконваў бы толькi свае функцыi, не дублюючы дзеяннi iншых.

Каб дамагчыся такога вынiку, спатрэбiлiся пэўнае тэхнiчнае пераўзбраенне (лакальная камп’ютарная сетка) i кадравыя перастаноўкi.

— Я прыйшоў на гэту пасаду год таму, практычна на ўсё гатовае, — усмiхаецца Аляксандр Савончык. — Лакальная сетка з праграмай "Сельскi Савет" была ўсталяваная. Але мы пастаянна, лiтаральна штодзень яе ўдасканальвалi i ўдасканальваем, працуючы ў шчыльным кантакце з брэсцкiмi праграмiстамi-распрацоўшчыкамi.

Уся работа сельвыканкама размеркавана памiж спецыялiстамi, кожны адказвае непасрэдна за свой "профiль" i ў адпаведнасцi з гэтым профiлем уносiць дапаўненні ў сельсавецкую базу звестак. А ў вынiку фармiруецца агульная "карцiна". Напрыклад, пры ўводзе таго цi iншага дома ў эксплуатацыю спачатку ў камп’ютарную праграму ўносiць звесткi архiтэктар — ён пазначае iмя ўласнiка i тэхнiчныя характарыстыкi дома. На ўлiк домаўладанне ставiць сакратар (у той жа праграме)... А рэгiструюць чалавека ў "пашпартным стале". Чым больш звестак аб усiх змяненнях грамадзянскага i маёмаснага становiшча жыхароў сельсавета ўнесена ў праграму, тым прасцей пры неабходнасцi адшукаць патрэбную iнфармацыю i выдаць чалавеку неабходную даведку.

Менавiта для спрашчэння сiстэмы пошуку iнфармацыi i з’явiлася ў Бараўлянскiм сельвыканкаме "Адно акно" — невялiкi камп’ютарызаваны кабiнет на першым паверсе адмiнiстрацыйнага будынка. Сюды сцякаюцца ўсе неабходныя звесткi, i менавiта тут чалавек, якi зайшоў у сельвыканкам, атрымлiвае поўную iнфармацыю аб тым, куды i да каго яму трэба звярнуцца са сваiм пытаннем. А магчыма, наведвальнiку i не давядзецца нiкуды звяртацца — шэраг даведак можна атрымаць, што называецца, не сыходзячы з месца, у гэтым жа кабiнеце (напрыклад, аб жыллёвых умовах, аб складзе сям’i i iншыя).

— Спецыялiсту, якi працуе ў "Адным акне", мы вырабiлi пячатку i дэлегавалi права подпiсу. Ён выдае даведку, ставiць пячатку — i чалавеку ўжо не трэба падымацца на другi паверх, тыкацца ва ўсе дзверы i высвятляць, дзе ён можа атрымаць патрэбную паперку, — кажа Аляксандр Савончык. — Дзякуючы "Аднаму акну" на першапачатковым этапе вырашаецца значная частка пытанняў, з якiмi раней людзi стаялi ў чэргах пад кабiнетамi.

Каб спрасцiць працэс атрымання iнфармацыi, у сельвыканкаме зрабiлi i растыражавалi спецыяльныя малафарматныя "тэматычныя" буклеты для наведвальнiкаў, напрыклад, "Даведнiк Бараўлянскага сельвыканкама" (з прозвiшчамi i тэлефонамi), "Пералiк дакументаў, неабходных для рэгiстрацыi грамадзян па месцы знаходжання", "Куды звярнуцца?" (пералiк арганiзацый Мiнскага раёна, дзе выдаюць патрэбныя даведкi) i iншыя. Іх таксама можна атрымаць на першым паверсе адмiнiстрацыйнага будынка сельвыканкама — у кабiнеце "Адно акно".

Праўда, многiя грамадзяне разумеюць сэнс паслуг "Адно акно" лiтаральна: сёння прынёс заяву — заўтра атрымаў патрэбныя дакументы, незалежна ад аб’ёму працэдуры. Насамрэч "акно" бярэ на сябе спрашчэнне толькi тых працэдур, якiя выконваюцца на месцы. Што ж датычыцца iншых пытанняў (скажам, зямельных), iмi займаецца ўжо непасрэдна землеўпарадчык.

— Iнакш кажучы, хадзiць людзям усё адно давядзецца, мы гэтага не пазбегнем. Напрыклад, каб стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў, трэба ў абласным агенцтве па дзяржрэгiстрацыi i зямельным кадастры браць даведку аб адсутнасці ўласных "квадратных метраў" (гэта робіць або сам грамадзянін, або сельвыканкам). Але думаю, што ў хуткiм часе такiя даведкi можна будзе таксама атрымлiваць па камп’ютары, — упэўнены Аляксандр Савончык.

Бараўлянскi сельсавет абыходзiцца сёння без датацый — у бюджэце застаюцца зямельны падатак, падатак на нерухомасць i арэндная плата. А таксама грошы, атрыманыя ад продажу зямельных участкаў праз аўкцыён. Але "свабодных" участкаў на тэрыторыi сельсавета ўжо практычна не засталося.

Грошы, якiя паступаюць у агульную сельсавецкую "кiшэню", выдаткоўваюцца на добраўпарадкаванне тэрыторыi, давядзенне да ладу дарог (многiя з iх яшчэ не перададзены на баланс спецыялiзаваных арганiзацый i таму па-ранейшаму лiчацца "сельсавецкiмi"), газiфiкацыю i электрыфiкацыю вёсак, рамонт водаправоду.

— У нас толькi за мiнулы год нарадзiлася больш за 370 чалавек. А моладзi ўжо сёння няма куды вечарам падзецца. Ёсць клуб, але там можна хiба што кiно паглядзець. Не хапае плошчаў для работы гурткоў — яны лiтаральна туляцца пры школах... У цэнтральным пасёлку хацелася б разбiць прыгожы парк, пабудаваць фiзкультурна-аздараўленчы комплекс, урэшце, адкрыць прыстойную кавярню для моладзi — не ездзiць жа iм увесь час у сталiцу, — дзелiцца сваiмi планамi на будучыню старшыня сельскага Савета.

Цi выканальныя яны? Ва ўсякiм разе, праблемы прысталiчнага сельсавета часткова павiнны вырашыцца ўжо ў гэтым годзе — пасёлак Лясны ўключаны ў праграму будаўнiцтва аграгарадкоў. Адсюль вынiкае, што ў хуткiм часе павiнна з’явiцца i дадатковае фiнансаванне (на рамонт дарог, школ, крамаў, дома быту, дваровых тэрыторый i г.д.).

— Са старымi дварамi — тэрыторыямi пяцiпавярховiкаў, якiя будавалiся яшчэ ў 60-х, —увогуле вялiкая праблема. Будзем iх асфальтаваць, рабiць спартпляцоўкi — футбольныя i баскетбольныя, надаваць прывабны знешнi выгляд... Так што прыязджайце сюды праз год — паглядзiм, што зменiцца.

...Выходзячы з адмiнiстрацыйнага будынка, прыхапiла (з дазволу старшынi сельскага Савета) некалькi буклетаў-даведнiкаў — на той выпадак, калi хто-небудзь з калег Аляксандра Савончыка зацiкавiцца гэтым "ноу-хау".

Газета "Звязда"


Просмотров: 1373 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024