Четверг, 25.04.2024, 03:46
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Март 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Март » 4 » Як запоўнiць рабочыя вакансii?
Як запоўнiць рабочыя вакансii?
15:30
На прэзiдыуме Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў аналiзавалi, як рэалiзуецца дзяржаўная моладзевая палiтыка ў Оршы.

Начальнiк аддзела па справах моладзi гарвыканкама Алег Смiрноўскi намагаўся расказаць пра ўсе напрамкi работы адразу: спорт, святы, працаўладкаванне i адпачынак. Але дэпутаты павярнулi аналiз спраў у рэчышча падрыхтоўкi рабочых кадраў для прадпрыемстваў. Зацiкаўленасць гэтым пытаннем вынiкала i з таго, што сярод дэпутатаў значны працэнт дырэктараў школ i навучальных устаноў прафесiйнага навучання: для iх гэта тэма — набалелае. Яны, напрыклад, пыталiся: цi ведаюць у аддзеле моладзi, на якiя каштоўнасцi арыентуюцца сучасныя падлеткi, выбiраючы прафесiю?

Алег Смiрноўскi адказаў, што летась аддзелам моладзi праведзена даследаванне якраз па такой тэме: "На якiя каштоўнасцi арыентуецца моладзь Оршы?". Падчас даследавання праанкетаваныя 350 навучэнцаў лiцэяў, школ i каледжаў. Амаль 80 працэнтаў апытаных выказалi жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю. Такi шлях яны бачаць для сябе, каб стаць нармальным спецыялiстам, быць у далейшым матэрыяльна забяспечаным i рухацца па кар’ернай лесвiцы.

Амаль 30 працэнтаў апытаных выказалi гатоўнасць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы на наступны год, калi першы раз не адолеюць планку.

Рабочыя ж прафесii i вучоба ў прафтэхвучылiшчах у выпускнiкоў школ далёка не такiя папулярныя, як вышэйшыя навучальныя ўстановы. На гэта ёсць шэраг прычын.

У першую чаргу, аплата працы пасля заканчэння прафесiйнага вучылiшча, лiцэя i каледжа застаецца, на iх погляд, нiзкай. Да таго ж на прадпрыемствах яны не бачаць таго паважлiвага стаўлення да маладога чалавека рабочай прафесii, як гэта назiраецца ў дачыненнi да выпускнiкоў вышэйшай навучальнай установы. І трэцяе: матэрыяльная база прафтэхвучылiшчаў i лiцэяў не абсталявана па-сучаснаму, таму набыць там веды i практыку менавiта рабочага высокай квалiфiкацыi па сваёй прафесii праблематычна.

— Якiя ж мерапрыемствы плануе праводзiць аддзел моладзi сёлета, каб зацiкавiць выпускнiкоў школ набываць рабочыя спецыяльнасцi? — спыталi дэпутаты лiдара моладзi.

Алег Смiрноўскi расказаў, што плануецца шэраг конкурсаў прафесiйнага майстэрства па спецыяльнасцях: токар, фрэзероўшчык, слесар, зваршчык, прадавец, цырульнiк, сантэхнiк, бармэн — усяго 20 найменняў спецыяльнасцяў будзе папулярызавана. Сумесна з гарадскiм аддзелам адукацыi i цэнтрам занятасцi запланавана i правядзенне акцыi "Кiрмаш вакансiй" для выпускнiкоў школ.

На яго погляд, неабходна, каб падлеткi адчулi ўвагу гарадскiх уладаў i да iх працаўладкавання. Падчас летнiх канiкулаў трэба актыўна прыцягваць моладзь да неквалiфікаванай працы ў будаўнiчых атрадах па ўкладцы тратуарнай плiткi, упарадкаваннi горада. Аб’ектаў, дзе патрабуюцца рабочыя рукi, у горадзе дастаткова, i моладзь зможа зарабiць такiм чынам на кiшэнныя расходы. Ды i правапарушэнняў будзе менш. Тэма ж падлеткавай злачыннасцi па-ранейшаму актуальна ў горадзе.

Дэпутаты, заслухаўшы Алега Смiрноўскага, унеслi шэраг прапаноў, якiя запiсаны ў пастанове. Так, напрыклад, прапанавана, што трэба канкрэтызаваць абавязкi базавага прадпрыемства ў дачыненнi да прафесiйнага вучылiшча цi лiцэя, каб забяспечыць навучанне моладзi па рабочых спецыяльнасцях на сучасным абсталяваннi. Варта было б вярнуць на прадпрыемствы настаўнiцтва (якое б аплачвалася), вопытных рабочых высокага разраду ў дачыненнi да моладзi на прадпрыемствах. А сёлетнiх выпускнiкоў школ арыентаваць канкрэтна на тыя спецыяльнасцi, якiя адкрываюцца на новых i адноўленых прадпрыемствах. Так, напрыклад, плануецца аднаўленне камбiната панэльнага домабудаўнiцтва, i там чакаюцца вакансii на шэраг спецыяльнасцяў.

Заўважана, што праблемы моладзi дэпутаты ўзнiмаюць на сесiях i прэзiдыумах не першы раз. Ды вырашаюцца яны марудна. Значыць трэба зноў i зноў дэпутацкаму корпусу гаварыць пра неабходнасць iх вырашэння.

Газета "Звязда"

Просмотров: 1120 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024