Пятница, 19.04.2024, 12:50
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Март 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Март » 12 » Лакмусавая паперка для раённых адмінiстрацый
Лакмусавая паперка для раённых адмінiстрацый
17:13
У пачатку 90-х гадоў у нашай краiне дынамiчна развiваўся iнстытут мясцовага самакiравання ў выглядзе КТГСаў (камiтэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання). Найбольш актыўна яны стваралiся ў сталiцы, дзе iх тады налiчвалася з паўсотнi — у Фрунзенскiм, Маскоўскiм, Першамайскiм i Савецкiм раёнах. Сёння КТГСаў у Мiнску засталося ўсяго 24, хаця рэальная патрэба ў iх значна большая. Якiя захады робяць мясцовыя ўлады да стымулявання развiцця iнстытута грамадскага самакiравання i якiя задачы ставяць перад КТГСамi, мы папрасiлi расказаць дэпутата Мiнскага гарадскога Савета Уладзiмiра Краўчанку, якi ўзначальвае камiсiю мандатную, па галоснасцi, самакiраваннi, правапарадку i мiжнародных сувязях пры гарсавеце.

— Сёння КТГСы iснуюць там, дзе ў iх ёсць рэальная зацiкаўленасць з боку адмiнiстрацыi раёна, дзе яны знаходзяць падтрымку, — тлумачыць Уладзiмiр Акiмавiч. — Як iнстытут грамадскага самакiравання, КТГСы сумесна з раённымi ўладамi працуюць над развiццём тэрыторыi. Камiтэты тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання не прэтэндуюць на атрыманне нейкай улады, яны заклiканы сiстэматызаваць патрэбы грамадзян у сваiм мiкрараёне i данесцi iх да адмiнiстрацыi, каб потым сумеснымi намаганнямi гэтыя праблемы вырашыць. КТГСы — своеасаблiвая "лакмусавая паперка", якая дазваляе мясцовым уладам прымаць правiльныя рашэннi ў iнтарэсах сваiх жыхароў.

У 2002 годзе Мiнскi гарадскi Савет дэпутатаў зацвердзiў рашэнне аб далейшым развiццi грамадскага тэрытарыяльнага самакiравання ў горадзе Мiнску. Выкананне гэтага рашэння сесiя ўсклала на пастаянную мандатную камiсiю, якую я ўзначальваю. Таму можна сказаць, што я стаяў ля вытокаў аднаўлення гэтай iнiцыятывы. За некалькi гадоў да гэтага было зацверджана Палажэнне аб Мiнскiм гарадскiм каардынацыйным Савеце па тэрытарыяльным грамадскiм самакiраваннi. Крыху пазней з’явiлiся прыкладны Статут КТГСа i Палажэнне аб конкурсе-аглядзе КТГСаў на лепшую арганiзацыю работы з насельнiцтвам, якiя былi заклiканы ўзняць прэстыж гэтых грамадскiх аб’яднанняў i стымуляваць iх развiццё.

— Чым сёння займаюцца камiтэты?

— Практычна ўсiм, што турбуе жыхароў iх мiкрараёна. Гэта пытаннi добраўпарадкавання тэрыторыi, аховы здароўя, адукацыi, гандлю, патрыятычнага выхавання моладзi i г.д. Камiтэты — памочнiкi раённых адмiнiстрацый у правядзеннi ўсiх масавых мерапрыемстваў. Яны актыўна ўдзельнiчаюць у палiтычных кампанiях, у тым лiку ў выбарах усiх узроўняў. Вось чаму асноўнай задачай дэпутатаў мясцовых Саветаў я лiчу стымуляванне стварэння КТГСаў i актыўную работу з iмi!

З надыходам вясны актуальнымi становяцца пытаннi добраўпарадкавання i ўборкi дваровай тэрыторыi (тут i азеляненне, i ўладкаванне дзiцячых пляцовак, i арганiзацыя суботнiкаў). Шмат праблем заўсёды ўзнiкае падчас бягучага i капiтальнага рамонту жылля, з iмi таксама даводзiцца разбiрацца работнiкам КТГСаў...

— Цi не атрымлiвацца так, што камiтэты тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання падмяняюць сабой ЖЭСы?

— Не падмяняюць, а разам з ЖЭСамi вырашаюць праблемы. Трэба проста дэлегаваць КТГСам пэўныя паўнамоцтвы, звязаныя з вырашэнне пытанняў жыццядзейнасцi мясцовых жыхароў... Вялiкую дапамогу ў прафiлактыцы правапарушэнняў работнiкi КТГСаў аказваюць органам правапарадку. "Цяжкiя" падлеткi, неўладкаваныя сем’i, адзiнокiя састарэлыя — усе гэтыя людзi ў КТГСах перапiсаны. Разам з участковымi мiлiцыянерамi работнiкi камiтэтаў рэгулярна абыходзяць сваю "падведамасную" тэрыторыю, праводзяць размовы ў сем’ях. І часта ўзровень даверу да iх — у сваiх, суседзяў — значна большы, чым да афiцыйнага прадстаўнiка ўлады. З 25 лютага гэтага года ўступiў у сiлу Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб асновах дзейнасцi па прафiлактыцы правапарушэнняў", якi, як я спадзяюся, стане дадатковым стымулам павышэння ролi грамадскiх арганiзацый (i камiтэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання ў прыватнасцi) у вырашэннi праблем насельнiцтва. Закон прадугледжвае стварэнне Саветаў прафiлактыкi ў кожным адмiнiстрацыйным раёне сталiцы, куды павiнны ўвайсцi супрацоўнiкi праваахоўных органаў, раённых адмiнiстрацый, ЖЭСаў, КТГСаў i iншых грамадскiх фармiраванняў, якiя сёння гатовыя працаваць з насельнiцтвам. I першасная роля тут належыць нашым камiтэтам. Я перакананы, што пры правiльнай арганiзацыi гэтай працы роля КТГСаў значна ўзрасце. Грамадскасць павiнна кантраляваць сiтуацыю, каб можна было ўздзейнiчаць на тых асобаў, якiя атручваюць жыццё законапаслухмяных грамадзян.

Колькi бывае сiтуацый: жыве ў пад’ездзе алкаголiк, i жыхары ўсiх 9 паверхаў нiчога не могуць з iм зрабiць. Цi iншы прыклад: некаторыя грамадзяне сёння здаюць свае кватэры пад прытоны. Пастаянныя п’янкi, лямант, засмечаныя лесвiчныя пляцоўкi... Суседзям даводзiцца ўсё гэта цярпець. Участковы мiлiцыянер заўсёды ведае пра такiя прытоны, але зрабiць нiчога не можа.

— Калi мiлiцыя не ў стане справiцца з сiтуацыяй, што можа зрабiць грамадскасць?

— Можа ўзняць пытанне аб унясеннi змяненняў у дзейнае заканадаўства, якiя б далi магчымасцi ўплываць на падобную сiтуацыю. Нельга быць гуманнымi ў дачыненнi да аднаго чалавека за кошт сотняў iншых. А пакуль атрымлiваецца, што ў самым ушчэмленым становiшчы ў нас знаходзяцца самыя законапаслухмяныя грамадзяне.

— Хто сёння ўзначальвае КТГСы?

— Адстаўныя ваенныя (напрыклад, у Фрунзенскiм раёне старшынямi камiтэтаў з’яўляюцца тры палкоўнiкi ў адстаўцы), былыя настаўнiкi, урачы, супрацоўнiкi ЖЭСаў i раённых адмiнiстрацый, — тыя, хто ўсё жыццё працаваў з людзьмi i не ўяўляе сябе без грамадскай работы.

— Я так разумею, што КТГСы ў асноўным узначальваюць пенсiянеры?

— На жаль, так. Хаця ў апошнiя гады намецiлася тэндэнцыя прыцягнення на гэтую пасаду больш маладых людзей працаздольнага ўзросту.

— З нашай размовы вынiкае, што камiтэты тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання ў многiм аблягчаюць сувязь мясцовых уладаў з насельнiцтвам i спрыяюць вырашэнню пытанняў жыццядзейнасцi людзей. Чаму ж да гэтага часу КТГСы ёсць далёка не ва ўсiх раёнах сталiцы?

— Iх няма там, дзе iнiцыятыва не знайшла падтрымкi з боку раённай адмiнiстрацыi. Адмiнiстрацыi раёнаў часам проста баяцца працаваць з грамадскасцю. Калi мы толькi пачыналi работу па стварэннi КТГСаў i звярталiся ў мясцовыя адмiнiстрацыi з просьбай аказаць падтрымку, мы атрымалi афiцыйныя адказы, дзе гаварылася, што КТГСы iм увогуле не патрэбны... Безумоўна, актыўных жыхароў знайсцi складана, але магчыма. Там дзе такая работа праводзiцца, ёсць i станоўчыя вынiкi. Напрыклад, у Фрунзенскiм раёне мы зараз адкрываем чатыры новыя КТГСы. Для таго каб мясцовыя ўлады нарэшце зразумелi, наколькi карыснымi для iх могуць быць КТГСы, вясной на базе Фрунзенскага раёна мы плануем правесцi семiнар для намеснiкаў кiраўнiкоў раённых адмiнiстрацый i дэпутатаў. Паспрабуем пераканаць iх у неабходнасцi стварэння КТГСаў. Карысць вiдавочная: там, дзе пачынае функцыянаваць камiтэт тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, колькасць скаргаў ад насельнiцтва значна скарачаецца.

— А з якiмi пытаннямi часцей звяртаюцца людзi ў КТГСы?

— Адна з найбольш актуальных сёння праблем — паркоўка аўтамабiляў на дваровай тэрыторыi. Гэта бяда ўсiх буйных гарадоў. Але нi ў адной сталiцы свету вы не ўбачыце аўтамабiль, прыпаркаваны на газоне цi непасрэдна ля прыступак пад’езда жылога дома (дзе маюць права паркавацца толькi пэўныя катэгорыi грамадзян). Там гэтае пытанне жорстка кантралюецца. У нас — на жаль, не. Мы ўсе хочам, каб нашы машыны стаялi ў межах "крокавай даступнасцi", аднак дзе тады гуляць маладым мамам з каляскамi, дзецям, людзям ва ўзросце? Тут вялiкую работу трэба праводзiць i грамадскасцi, i органам правапарадку, i заканадаўчым органам.

Яшчэ адна праблема — ушчыльненне жылой забудовы ўнутры мiкрараёнаў. Бясспрэчна — будаваць трэба, аднак у Законе "Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi" запiсана, што гэтае пытанне трэба ўзгаднiць з мясцовымi жыхарамi. Шаноўныя падрадчыкi, прыйдзiце ў КТГС, да дэпутата, вам арганiзуюць сустрэчу з людзьмi. Патлумачце, што вы збiраецеся пабудаваць, што дасцё людзям узамен аднятай дваровай тэрыторыi (трэнажорную залу пры ЖЭСе абсталюеце, дзiцячую пляцоўку паставiце...) Сустрэцца з людзьмi i атрымаць ад iх згоду на будаўнiцтва вы абавязаны! А ў нас гэтага нiхто не робiць. Вось жыльцы i звяртаюцца са скаргамi ў камiтэты тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, да дэпутатаў. Пачынаецца пiсанiна, збор подпiсаў. Даводзiцца нават тэлебачанне запрашаць.

Асобная размова — бягучы i капiтальны рамонт дамоў. Чаму ў прыёмную камiсiю пры здачы работ не ўключаюць старшыню КТГСа? У нас жа пасля кожнага капiтальнага рамонту ўзнiкаюць скаргi, якiя не задавальняюцца гадамi. Можна ж патлумачыць старшынi камiтэта, што ў сувязi з крызiсам i форс-мажорнымi абставiнамi выдаткаваных сродкаў не хапiла, i таму работы былi праведзены не ў поўным аб’ёме. Аднак нiхто ж не патлумачыў. I людзi скардзяцца.

— Вы лiчыце КТГСы прагрэсiўнай формай самакiравання?

— Безумоўна. Гэта грамадскiя арганiзацыi, якiя не падпарадкоўваюцца нi выканаўчым, нi прадстаўнiчым органам улады. Гэта грамадскi кантроль. Работа камiтэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання служыць на карысць жыльцоў, раённых адмiнiстрацый i грамадства ў цэлым. Грамадства бярэ на сябе адказнасць i гатова ўдзельнiчаць у вырашэннi ўсiх праблем. Гэта прыкмета цывiлiзаванага грамадства. Год ад году роля грамадскiх арганiзацый у нашай краiне расце. Многiя дзяржаўныя органы гэта ўжо зразумелi i актыўна супрацоўнiчаюць з iмi.


Источник:  Газета "Звязда"


Просмотров: 959 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024