Четверг, 28.03.2024, 17:52
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Апрель 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Апрель » 3 » Прадугледзiм нюансы — выканаем стандарты
Прадугледзiм нюансы — выканаем стандарты
14:43

Газета "Звязда"

"Указ Прэзiдэнта № 21 "Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва" з’явiўся ключавым у рабоце мясцовых Саветаў Прыдзвiнскага краю. Несумненна, гэта — магутны рычаг у рабоце органаў улады пярвiчнага ўзроўню, якi апраўдаў сваю эфектыўнасць. Ён рэальна працуе на павышэнне аўтарытэту мясцовых органаў улады пярвiчнага ўзроўню", — такiмi думкамi ў самым пачатку нашай размовы падзялiўся старшыня Вiцебскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання Аляксандр АЦЯСАЎ.

Безумоўна, мясцовы вопыт у рэалiзацыi патрабаванняў Указа заслугоўвае ўвагi. Пра яго шмат гаварылi, абмяркоўвалi ў СМІ. На розных узроўнях цiкавiлiся тым, як у самым паўночным рэгiёне спрацавалi на папаўненне бюджэту пярвiчнага ўзроўню? Цi ўсё атрымалася або ёсць нейкiя праблемы?

— Калi ласка, раскажыце, як летась быў выкананы бюджэт пярвiчнага ўзроўню?

— Бюджэт выкананы за лiк усiх даходных крынiц, прадугледжаных ва Указе, а таксама дзякуючы выкарыстоўванню намi права ўвядзення на мясцовым узроўнi пералiчэння з падаходнага падатку, падатку з продажу i шэрагу iншых збораў. Гэта, у прыватнасцi, курортны збор, кампенсацыйныя выплаты, збор з уладальнiкаў сабак i так далей.

У вынiку летась атрымана дадаткова да першапачатковага плана даходаў на суму 9,3 мiльярда рублёў. У тым лiку рэшткi сродкаў у бюджэтах пярвiчнага ўзроўню на 1 студзеня 2009 года (свабодныя рэшткi) — 4,4 мiльярда рублёў, што ў параўнаннi з пазамiнулым годам у 3 разы болей.

На працягу мiнулага года дадатковыя грошы з бюджэтаў расходавалiся на вырашэнне розных праблем насельнiцтва. Сельскiя Саветы адчулi эфект — у iх свая "капейка" з’явiлася. I яны гэтыя грошы рэальна зарабiлi.

У цэлым бюджэты пярвiчнага ўзроўню былi сфармiраваны за лiк уласных даходаў на 65,1 працэнта. Бязвыплатныя паступленнi ў агульным аб’ёме даходаў склалi 34,9 працэнта, у тым лiку з фонду фiнансавай падтрымкi — 24 працэнты...

— Але, дарэчы, менавiта такi падыход, як пералiчэнне з падаходных падаткаў, выклiкаў вялiкi рэзананс. Не абышлося i без крытыкi: маўляў, з адной дзяржаўнай кiшэнi грошы перакiдваюцца ў iншую. I такое агучвалася — чым больш заробiш, тым меней атрымаеш у якасцi дзяржаўнай падтрымкi?

— Практыка адназначна паказала — наш шлях аказаўся правiльным. Той жа падаходны падатак, напрыклад. Гэты вопыт у свой час крытыкаваўся. А потым нават з’явiлiся прапановы ўключыць такую практыку ва Указ. Мы напрацавалi сваю схему — выкарысталi такое права ў адпаведнасцi з законам аб мясцовым самакiраваннi. I ўпэўнiлiся, што мяняць нiчога не трэба. Проста неабходна, каб усе даходныя крынiцы, у тым лiку i падаходны падатак, працавалi. Мясцовыя органы ўлады актыўна ўдзельнiчалi ў стварэннi новых вытворчасцяў, працоўных месцаў. Каб атрымаць падаходны падатак, трэба ўсiм папрацаваць, у тым лiку i сельскiм Саветам. Калi сельскагаспадарчае прадпрыемства працавала стабiльна, то людзям своечасова выплачвалiся зарплаты. У вынiку i больш падаткаў паступае ў бюджэт пярвiчнага ўзроўню.

Так i з падаткам на продаж. Трэба на месцах так спрацаваць, каб гандаль нармальна функцыянаваў, каб жыхары хадзiлi ў крамы па месцы жыхарства i там пакiдалi свае грошы.

Што датычыцца бюджэтаў 2009 года, мы сфармiравалi iх яшчэ больш якасна. У цэлым па вобласцi бюджэт пярвiчнага ўзроўню на 73,8 працэнта сфармiраваны за лiк уласных даходаў. 45 працэнтаў складае падаходны падатак, 13 працэнтаў — падатак з продажу, 4,5 працэнта — зямельны, 3 працэнты — падатак на нерухомасць, а ўсяго задзейнiчаны 24 даходныя крынiцы. Адпаведна, толькi 26 працэнтаў складае фонд фiнансавай падтрымкi.

Што датычыцца расходаў, сёлета, як i ў мiнулым годзе, з бюджэтаў пярвiчнага ўзроўню фiнансуецца дзейнасць органаў мясцовага кiравання i самакiравання, сфармiраваны рэзервовыя фонды. Для стымулявання работы старэйшын запланаваны сродкi ў суме 639 мiльёнаў рублёў. Таксама ў бюджэтах пярвiчнага ўзроўню па галiне жыллёва-камунальнай гаспадаркi запланаваны расходы ў памеры 17,8 мiльярда рублёў, у тым лiку 9,1 мiльярда на добраўпарадкаванне, 7,1 мiльярда на гаспадарчае i пiтное водазабеспячэнне.

— Ведаю, што ў Вiцебскай вобласцi бюджэт вельмi эфектыўна папаўняецца за кошт збору з нарыхтоўшчыкаў.

— Летась была распрацавана i зацверджана на сесii абласнога Савета спецыяльная iнструкцыя. Яна ж — з дапрацоўкай — перайшла i на гэты год. Дзякуючы лiквiдацыi розных, часта не абгрунтаваных, iльгот i павышэнню ставак летась з нарыхтоўшчыкаў толькi ў бюджэты сельсаветаў паступiла 597 мiльёнаў рублёў, што ў 3,5 раза больш, чым у 2007 годзе. Сёлета, думаю, гэтую лiчбу падвоiм.

 

— Безумоўна, аўтары канцэпцыi Указа № 21 не маглi ўлiчыць усе нюансы. Якую канкрэтную праблему можна адзначыць?

— Ва Указе прапiсана асобнае пытанне, якое датычыцца перадачы дарог, аб’ектаў водазабеспячэння. З перадачай апошнiх у прынцыпе няма вялiкiх праблем. У адпаведнасцi з Указам, мы перадалi на баланс ЖКГ 237 кiламетраў водаправодных, 62 кiламетры каналiзацыйных сетак, 113 артэзiянскiх свiдравiн i гэтак далей. Работа гэтая iдзе ў планавым парадку. Не без цяжкасцяў, зразумела. Каб прыняць безгаспадарныя аб’екты, патрэбна неабходная тэхнiчная дакументацыя. Нельга адразу ўсё ўзяць i перадаць. Трэба рабiць гэта паэтапна.

А вось што датычыцца дарог — як кажуць, ёсць праблема. Адпаведная iнвентарызацыя праведзена: усяго нам трэба перадаць 6740 кiламетраў дарог. Болей за 200 кiламетраў нашы дарожнiкi ўжо пачалi прымаць. Але, каб далей весцi гэтую работу, неабходна крынiца фiнансавання. Дарожны фонд з 2006 года знаходзiцца ў складзе рэспублiканскага бюджэту. I калi Мiнiстэрства фiнансаў на прыёмку структуры водазабеспячэння заклала нам 14,7 мiльярда рублёў, то на дарогi — нуль.

Болей за тое: каб навесцi чысцiню, на невялiкi рамонт дарог (прывезцi машыну гравiю i гэтак далей), мы можам знайсцi i выкарыстаць уласныя сродкi, на больш буйны не маем права.

Таму мы i ўносiм адпаведную прапанову ў Савет Рэспублiкi — пры фармiраваннi мясцовых бюджэтаў у разлiковых паказчыках разгледзець i рашыць пытанне выдаткаў на рамонт i ўтрыманне вулiц сельскiх населеных пунктаў. Альбо прадугледзець iх у рэспублiканскiм бюджэце ў складзе дарожнага фонду па кожнай вобласцi.

Каму перадаваць? Мы для сабе ўжо даўно вырашылi — натуральна, дарожнiкам. У iх i тэхнiка неабходная ёсць, i спецыялiсты, i вопыт — рэч не апошняя. А ў ЖКГ — i сваiх клопатаў хапае. Ды i колькi часу пройдзе, пакуль з’явяцца ў камунальнiкаў адпаведная тэхнiка, а дзе адразу набраць столькi людзей для работы? Вось таму i трэба фiнансава падмацаваць дарожныя арганiзацыi.

— Раскажыце, калi ласка, пра леташняе новаўвядзенне: пазабюджэтны фонд — добраахвотныя ўзносы i ахвяраваннi грамадзян. Вельмi цiкава, як простыя вяскоўцы ўспрынялi гэта?

— У 2008 годзе ў кожным сельсавеце створаны такi фонд. Усяго было сабрана 389 мiльёнаў. У прыватнасцi, у Пастаўскiм раёне — 60 мiльёнаў, у Вiцебскiм — 40 мiльёнаў... Сёлета гэтая работа будзе працягвацца.

Гэта, падкрэслiваю, не паборы, а ўдзел насельнiцтва ў добраўпарадкаваннi. I такая практыка даказала свой эфект. Людзi больш зацiкаўлена падыходзяць да пытання добраўпарадкавання, больш строга патрабаваць на гэты конт з уладаў — што i як зроблена? За выкарыстанне сваiх грошай людзi патрабуюць канкрэтных дзеянняў. Пры гэтым самi лепш захоўваюць, цэняць тое, што зроблена па навядзеннi парадку. Безумоўна, трэба адзначыць, што ўсё роўна ў асноўным добраўпарадкаванне вядзецца за дзяржаўны кошт.

— Дарэчы, а якая цяпер складваецца сiтуацыя па выкананнi яшчэ аднаго Указа — № 70, вядомага як асноўны заканадаўчы акт па зносе старога жылля? Адпаведны вопыт Вiцебскай вобласцi вельмi павучальны.

— Так, дзелiмся вопытам з iншымi рэгiёнамi з задавальненнем. З моманту прыняцця Указа Прэзiдэнта ў 2006 годзе па стане на пачатак гэтага ўжо знеслi 7465 такiх дамоў, што складае 90 працэнтаў ад усiх, якiя неабходна разбурыць.

Што датычыцца так званых пустых дамоў, адзначу наступнае. 1 студзеня разабралi 542 дамы, а 9908 прывялi ў парадак уладальнiкi, што складае 72 працэнты ад iх наяўнасцi. Пустыя дамы — гэта вельмi няпростая тэма. У нас у вобласцi болей за 100 дамоў разбурылi пасля адпаведных рашэнняў судоў. Але гэта вельмi доўгая i складаная працэдура. Трэба больш актыўна працаваць з уладальнiкамi — весцi сярод iх тлумачальную работу. Сёлета — Год роднай зямлi, i навесцi парадак — справа не толькi ўладаў, але i кожнага канкрэтнага грамадзянiна.

Пустыя дамы не ўпрыгожваюць вёскi, пасёлкi. Пачынаючы з 2007 года мы працуем па такiм прынцыпе: у цэнтры на месцы разбураных пустых дамоў будуюцца катэджы. I зямля тут добрая — за сотнi гадоў апрацаваная, i дрэвы ёсць... I архiтэктары выдатна "ўпiсваюць" новыя катэджы ў iсную iнфраструктуру. I зусiм iншы знешнi выгляд навакольнай тэрыторыi атрымлiваецца. I людзям, новым гаспадарам, зручна: у цэнтры i прыпынак грамадскага транспарту побач, i крама...

— Мы з вамi неаднаразова ўздымалi тэму падтрымкi асабiстых падсобных гаспадарак. I публiкацыi мелi добры рэзананс. Не сакрэт, што ўсё меней у нашых людзей жадання трымаць жывёлу. А можа, крызiс наадварот паўплываў на iнтарэс вяскоўцаў да вядзення паўнацэннай уласнай падсобнай гаспадаркi?

— Для параўнання, калi ў 2000 годзе ў нашых землякоў было 105 тысяч кароў, цяпер толькi 39,4 тысячы... Сiтуацыя са зборам прыватнiцкага малака зараз iншая, чым калiсьцi.

Паднялiся на ногi сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, i ў вынiку, калi раней малако, здадзенае насельнiцтвам, рабiла пагоду для малакаперапрацоўчых заводаў, то цяпер ужо не.

Але здача малака дзяржаве з’яўляецца вялiкай фiнансавай падмогай сельскаму насельнiцтву. Мы гэта добра разумеем. I робiм усё для арганiзацыi гэтай работы. Пытанне знаходзiцца пад пiльным кантролем. Сёння ў першую чаргу наша задача бачыцца ў тым, каб забяспечыць закуп малака ва ўсiх населеных пунктах, дзе людзi хочуць яго здаць.

Але ёсць шэраг iншых пытанняў. У прыватнасцi, якасць малака. Трэба вяскоўцам i самiм задумацца пра гэта. Не крыўдзiцца на тое, што цяпер бывае i не так проста здаць малако. У кiрунку павышэння якасцi малака трэба працаваць з насельнiцтвам...

— На старонках "Мясцовага самакiравання" шмат расказвалася пра збор "прыватнага малака" прадпрымальнiкамi. Яны не страцiлi iнтарэс да гэтай дзейнасцi?

— Пры тым, што закупам па-ранейшаму займаюцца сельскагаспадарчыя i малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, актыўна збiраюць малако i прадпрымальнiкi. Жыццё паказала — там, дзе закупам займаюцца iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, няма "галаўнога болю" ў малочным пытаннi" нi ў сельвыканкаме, нi ў сельскагаспадарчай арганiзацыi, ды i ў насельнiцтва — людзi задаволены.

Першыя спробы прыцягнуць малы бiзнэс да закупу рабiлiся ў рэгiёне ў 2003 годзе. Цяпер пайшла масавая работа па арганiзацыi прадпрымальнiкамi закупу малака. Вось у Глыбоцкiм раёне гэтым займаюцца 20 бiзнэсменаў. Дык ад iмя ўладаў кожнаму прадпрымальнiку бясплатна ўручылi спецыяльныя прыборы для праверкi якасцi малака. Кошт прыбора — каля 1,5 мiльёна рублёў.

У апошнi час, згодна з заканадаўствам, iндывiдуальныя прадпрымальнiкi сталi ствараць прыватныя ўнiтарныя прадпрыемствы. Сярод iх ёсць i зусiм новыя. Прыватныя прадпрыемствы працуюць у Лёзненскiм, Ушацкiм раёнах... Дарэчы, у Лёзненскiм раёне 80 працэнтаў малака закупляюць прадпрымальнiкi, у Пастаўскiм — трэць. ..

— Асабiста да вас як да дэпутата звяртаюцца па дапамогу падчас прыёмаў выбаршчыкi. Якiя праблемы часцей хвалююць людзей?

— Пастаянна звяртаюцца з пытаннямi па водазабеспячэннi. Гэта праблема — якаснай пiтной вады — iснуе, асаблiва ў сельскай мясцовасцi. Пачатая летась работа па перадачы шахтавых калодзежаў на баланс арганiзацый жыллёва-камунальнай гаспадаркi ў вобласцi ўжо вядзецца паўсюдна, пашыраецца i распаўсюджваецца, што ў значнай меры спрыяе паляпшэнню якасцi пiтной вады.

Дарэчы, высветлiлася i наступная праблема. Вось шмат мы гаварылi пра выкананне праграмы па ўкараненнi дзяржаўных сацыяльных стандартаў. На практыцы выходзiць, што на людзей, якiя жывуць у невялiкiх вёсках, дзе няма i, магчыма, нiколi не будзе цэнтралiзаванага водазабеспячэння, а ёсць толькi калодзежы, стандарт па вадзе не распаўсюджваецца. Гэта прабел. Трэба распрацаваць адпаведны падраздзел стандарту i прадугледзець усе нюансы, якiя патрэбны.




Просмотров: 978 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024