Доўгi час сам тэрмiн "глыбiнка" меў не зусiм прывабны сэнс. Вёскi, пасёлкi i невялiкiя гарадкi атаясамлiвалiся з напружанай сiтуацыяй на рынку працы, недастаткова развiтой сацыяльнай iнфраструктурай, "умоўнымi" заробкамi i г.д. Тузiн праблем неабходна было вырашаць комплексна, прычым рабiць гэта трэба было неадкладна, iнакш працэс мог прыняць незваротны характар. Нездарма мерапрыемствы па развiццi (чытай: па адраджэннi) малых гарадоў, зацверджаныя некалькi гадоў таму, набылi статус дзяржаўнай праграмы.
Вытворчасць для "сацыялкi"
У Любанi цяпер каля 12 тысяч жыхароў — тыповы райцэнтр, якi, тым не менш, мае свае адметнасцi. У горадзе працуюць шэсць прамысловых прадпрыемстваў. Гэта швейная фабрыка, камбiнат будаўнiчых матэрыялаў, завод сценавых блокаў, iльнозавод, а таксама крухмальны i сыраробны заводы. Апошняе прадпрыемства адносiцца да горадаўтваральных, паколькi на яго долю прыпадае каля паловы агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасцi ўсёй Любаншчыны. Апошнiм часам на сыраробным актыўна разгарнулася тэхнiчная мадэрнiзацыя. Пераўзбраенне вытворчасцi — патрэба часу для перапрацоўчай галiны. Тут нельга адставаць, iнакш можна даволi хутка згубiць сваю рынкавую нiшу, аднаўляць якую будзе надзвычай складана.
— На сыраробным заводзе закупiлi замежную лiнiю па вытворчасцi цвёрдых сыроў, — адзначае намеснiк старшынi Любанскага райвыканкама Аляксандр Бойка. — Увядзенне ў эксплуатацыю гэтага сучаснага абсталявання дазволiць павялiчыць вытворчасць сыроў у 1,5 раза. Трэба ўлiчваць тое, што значная частка адпаведнай прадукцыi пастаўляецца на экспарт. Яшчэ ў лiстападзе 2007 года ў Маскве быў створаны гандлёвы дом "Любанскi", неабходна было нарошчваць аб’ёмы вытворчасцi, каб задаволiць вялiкi попыт. Інвестыцыi ў тэхнiчнае пераўзбраенне сырзавода склалi 14 мiльярдаў рублёў. Вялiкiя сродкi, аднак гэта апраўданыя, перспектыўныя ўкладаннi.
Мадэрнiзацыя сыраробнага завода — самы буйны iнвестыцыйны праект мiнулага года на Любаншчыне ў межах рэалiзацыi праграмы развiцця малых гарадоў. Таксама летась пачалася рэканструкцыя цэха перапрацоўкi рыбы — магутнасцю паўтысячы тон у год. Праведзены работы па рэканструкцыi i на Любанскiм хлебазаводзе. А на крухмальным заводзе была газiфiкавана кацельня. Прамысловасць на Любаншчыне развiваецца досыць iнтэнсiўна: за мiнулы год аб’ёмы вытворчасцi таварнай прадукцыi павялiчылiся больш чым на 18 працэнтаў. Выпуск спажывецкiх тавараў — больш чым на 13 працэнтаў.
Пазiтыўныя зрухi ў рэальным сектары эканомiкi дазволiлi актывiзаваць развiццё сацыяльнай сферы. У снежнi ў эксплуатацыю была ўведзена станцыя абезжалезвання. Такiм чынам удалося вырашыць актуальнае пытанне па забеспячэннi жыхароў райцэнтра пiтной вадой належнай якасцi. Летась у райцэнтры пачалося будаўнiцтва адразу двух важных сацыяльных аб’ектаў — фiзкультурна-аздараўленчага комплексу i школы мастацтваў. Як заўважыў Аляксандр Бойка, нягледзячы на пэўныя фiнансавыя цяжкасцi, сёлета iх узвядзенне павiнна быць завершана.
Сам сабе наймальнiк
Для людзей у працаздольным узросце галоўнае пытанне — як знайсцi вартае месца працы. Звычайна ў глыбiнцы такiя пошукi абмежаваныя нешматлiкiмi варыянтамi. I далёка не заўсёды яны маюць станоўчы вынiк. Не сказаць, што на Любаншчыне становiшча адрознiваецца ў лепшы бок. На пачатак сакавiка на ўлiку знаходзiлася 115 беспрацоўных: 75 — з горада i 40 — з раёна. Узровень беспрацоўя — 0,76 працэнта эканамiчна актыўнага насельнiцтва.
— Гэта добры вынiк, якога ўдалося дасягнуць дзякуючы ўвасабленню комплексу мераў — перанавучанню, стварэнню новых працоўных месцаў, другаснай занятасцi i шэрагу iншых, — кажа намеснiк начальнiка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Любанскага райвыканкама Надзея Акулiч. — За даволi непрацяглы час людзi, якiя звярнулiся ў службу занятасцi, могуць працаўладкавацца.
Было б жаданне: прапаноўваецца 247 вакансiй — больш чым па два варыянты на кожнага беспрацоўнага. Прычым гэта не толькi традыцыйна запатрабаваныя рабочыя спецыяльнасцi (вялiкi попыт на спецыялiстаў-будаўнiкоў), але i спецыяльнасцi работнiкаў з вышэйшай адукацыяй. Да прыкладу, урачоў, якiя на Любаншчыне ў вялiкiм дэфiцыце. Даводзiцца iсцi на сумяшчэнне, накiроўваць пацыентаў у iншыя рэгiёны. Аднак гэта зусiм не вырашэнне вострай праблемы. Для таго, каб прывабiць маладога спецыялiста, неабходна забяспечыць дзве галоўныя ўмовы — прыстойны заробак i жыллё. Наконт апошняга былi цяжкасцi, мабыць таму i ўтварыўся дэфiцыт кадраў. Праўда, заўважыла Надзея Акулiч, цяпер адпрацоўваецца некалькi варыянтаў забеспячэння медыкаў жыллём. Калi пытанне будзе вырашана, то i недахоп урачоў, напэўна ж, значна зменшыцца.
Нярэдка здараецца, што наймальнiк прапануе пэўную вакансiю, а чалавек не мае адпаведнай адукацыi. У такiм разе варта прайсцi перанавучанне — ёсць такая магчымасць. З Любанi беспрацоўныя едуць у Слуцк, Барысаў, Мiнск. У асноўным праходзяць перанавучанне па будаўнiчых спецыяльнасцях, а таксама на цырульнiка, прадаўца. Можна скончыць двухтыднёвыя курсы "Асновы прадпрымальнiцкай дзейнасцi". Пасля можна i ўласную справу пачаць — у гэтым выпадку выдзяляецца фiнансавая дапамога. Летась сваiм правам скарысталiся два прадпрымальнiкi. Прыватнiкi асвойваюць розныя сферы дзейнасцi — апроч "традыцыйнага" гандлю, займаюцца таксама аказаннем паслуг, рамонтам кватэр i нават вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыi.
Як зарабiць больш?
На Любаншчыне пастаянна з’яўляюцца новыя магчымасцi для працаўладкавання. Не стаў выключэннем i мiнулы год. Летась раённы камбiнат бытавога абслугоўвання адкрыў цэх па вытворчасцi вокнаў i дзвярэй з ПВХ. Была праведзена рэканструкцыя аддзела кулiнарыi, пасля чаго тут створаны 14 новых працоўных месцаў.
Гэта вельмi важна, адзначае Надзея Мiкулiч, паколькi сюды ўладкавалiся жанчыны, якiя традыцыйна складаюць больш чым палову беспрацоўных. У мiнулым годзе ў раённым цэнтры планавалi стварыць 130 новых працоўных месцаў, а стварылi 225 (усяго па раёне — 348). Сёлета, як спадзяюцца, паказчык будзе яшчэ большы. Прычым працоўныя месцы мяркуецца ствараць як на дзяржаўных прадпрыемствах, так i ў прыватным сектары.
Нават у тым выпадку, калi чалавек стаў беспрацоўным, можна зарабiць грошы. Сярод магчымых варыянтаў — грамадскiя работы, якiя, дарэчы, даволi нядрэнна аплачваюцца. Летась многiя беспрацоўныя былi занятыя на добраўпарадкаваннi райцэнтра. У сярэднiм атрымлiвалi па 500 тысяч рублёў у месяц, а асобныя i па мiльёну зарабiлi. Так што сёлета ад ахвотных трапiць на грамадскiя работы адбою няма. Акрамя добраўпарадкавання беспрацоўныя таксама занятыя на пасадцы лесу, праполцы, перабiраннi бульбы i г.д. Практыкуецца i перасяленне — летась на новае месца жыхарства пераехалi 6 чалавек. У вёсцы заўсёдны недахоп кадраў: цяпер патрабуюцца даяркi, трактарысты, жывёлаводы.
Праўда, заробкi ў АПК пакуль не надта высокiя — па вынiках мiнулага года ў вяскоўцаў сярэднямесячная аплата працы склала 512 тысяч рублёў. А ў сярэднiм па раёне яна складае 665 тысяч рулёў (дарэчы, гэта больш чым на чвэрць перавышае паказчык 2007 года).
Сёлета адзначаюцца даволi трывожныя тэндэнцыi — на некалькiх прадпрыемствах узраслi запасы гатовай прадукцыi. Праблемы ўзнiклi на заводзе сценавых блокаў i камбiнаце будаўнiчых матэрыялаў. Прычына тут адна — калi летась будматэрыялы разыходзiлiся як гарачыя пiражкi (нават чарга была), то сёлета попыт зменшыўся. Магчыма, становiшча зменiцца да лепшага, калi пачнецца будаўнiчы сезон.
— Варта больш актыўна адпрацоўваць рынкi збыту, пашыраць геаграфiю паставак, — адзначае Аляксандр Бойка. — Нельга сядзець i чакаць, што на прадукцыю "знойдзецца" пакупнiк.
На Любаншчыне спадзяюцца прыцягнуць буйнога iнвестара, магчыма нават замежнага. Сярод праектаў у межах сумеснага прадпрыемства можа стаць перапрацоўка грыбоў i ягад, а таксама агратурызм. Дарэчы, арганiзацыяй адпачынку мяркуе заняцца адзiн з мясцовых прадпрымальнiкаў, якi выкупiў некалькi закiнутых будынкаў. Газета "Звязда"
|