Пятница, 29.03.2024, 13:34
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Июнь 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Июнь » 2 » Не далей за шырыню стала
Не далей за шырыню стала
13:43
 Сiстэма мясцовага самакiравання Беларусi атрымае належнае прававое афармленне

Маштаб мясцовых праблем няхай сабе i не глабальны, але iх прыярытэтнасць для жыхароў — найвышэйшая. Яно i зразумела: якiя б новыя вытворчасцi нi адкрывалiся, наколькi б далёка нi крочыла навука — гэтым цяжка здаволiць чалавека, у дом якога не правялi газ цi ваду, якi зачакаўся адкрыцця палiклiнiкi цi дзiцячага садка. I запытаннi адпаведныя: у кожнага выбаршчыка ёсць магчымасць пагутарыць са сваiм прадстаўнiком ва ўладзе сам-насам, расказаць пра свае клопаты i даведацца, што зроблена... Рашэннi заўжды патрабуюць рацыянальнага падыходу, iнiцыятыўнасцi i грашовых улiванняў. Аднак усяму гэтаму не абысцiся без заканадаўчага падмацавання.

Праект закона "Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь" нядаўна паступiў у нiжнюю палату парламента. Ён падрыхтаваны ў форме новага закона, бо ўжо выкладаўся ў новай рэдакцыi 10 студзеня 2000 года. Пытанне не з лёгкiх, на вырашэнне яго спатрэбiлася шмат часу. З якiмi цяжкасцямi дазволiць справiцца будучы закон, што будзе ўрэгулявана i як гэта паўплывае на сiтуацыю на месцах? Ад агульнага да прыватнага крочым разам з Генадзем Грыцкевiчам, намеснiкам старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўнiцтве, мясцовым самакiраваннi i рэгламенце. У гэтым склiканнi пытаннi заканадаўства ў галiне кiравання на месцах будзе курыраваць менавiта ён. Для народнага абраннiка аб'ект не новы, хiба што ракурс iншы — раней ён сам працаваў у такiх структурах, а цяпер займаецца прававым рэгуляваннем iх работы.

— Якiя ў вас уражаннi ад праекта, якi заканадаўча замацоўвае механiзмы мясцовага самакiравання?

  Папрацаваўшы ў рэгiёне, магу сказаць, што гэты законапраект працаздольны. Вельмi аб'ёмны матэрыял, дастаткова прафесiйна выкладзены, ёсць цiкавыя новыя падыходы. Самае галоўнае — ён, на мой погляд, атрымаўся. Паверце, апошнiя гады i кiраўнiк дзяржавы, i абедзве палаты парламента вельмi шмат увагi надаюць пытанням мясцовага кiравання i самакiравання. Нездарма быў створаны Савет па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання, якi працуе ўжо не адзiн год (утварэнне такой структуры, дарэчы, прадугледжана ў праекце). У яго ўключаны прафесiяналы, вопытныя людзi, якiя валодаюць сiтуацыяй. Вельмi цiкавыя пытаннi разглядалiся ў рэгiёнах, у тым лiку i з выездам на месца. А былi ж часы, калi старшыня сельскага Савета заставаўся адзiн на адзiн з жыхарамi, сваiмi выбаршчыкамi... На мой погляд, законапраект своечасовы. Ужо столькi зменаў было ўнесена iншымi прававымi дакументамi, што проста неабходна было прывесцi ўсё ў адпаведнасць. Выйсцi на комплексны законапраект, якi б поўнасцю адлюстроўваў пытаннi кiравання на мясцовым узроўнi з боку як прадстаўнiчай, так i выканаўчай улады. Тым самым лiквiдаваць мноства нарматыўных прававых актаў па адных i тых жа пытаннях мясцовага кiравання i самакiравання. З улiкам часу неабходна таксама абнавiць тэрмiналогiю. Напрыклад, паводле прапановы Вiцебскага аблвыканкама назва пасады сакратара выканкама пярвiчнага ўзроўню заменена на "кiраўнiк спраў". Яна больш поўна адлюстроўвае аб'ём адказнасцi гэтай службовай асобы i садзейнiчае павышэнню яе аўтарытэту.

У законапраекце ёсць дакладнае размежаванне абавязкаў: што робiць Савет, за што нясе адказнасць выканаўчая ўлада. Выразна вызначаныя задачы, якiя стаяць сёння перад старшынёй выканкама, старшынёй Савета, прэзiдыумам гарадскога Савета, выканкамам. Замацаваная магчымасць Саветаў уступаць у асацыяцыi — таксама вельмi важны элемент. Прапанаваныя нормы дазваляюць развiць i ўдакладнiць механiзмы мясцовага кiравання i самакiравання, якiя раней не былi дастаткова ўрэгуляваныя. Па сутнасцi нiчога рэвалюцыйнага ў канцэпцыi законапраекта няма — у асноўным ён проста замацоўвае дзейны парадак. Гэта вельмi сур'ёзны рабочы дакумент, над iм сёння працуюць рэгiёны, наша камiсiя. Ад дэпутатаў ужо цяпер паступаюць прапановы. Мы плануем разгледзець яго ў першым чытаннi на гэтай сесii.

— Якiя праблемныя пытаннi здымае законапраект?

— У яго ўключаны палажэннi Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 21 "Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва", паводле якiх Саветы цяпер могуць адразу атрымлiваць у прыбытковую частку ўласнага бюджэту адлiчэннi з падаткаў на зямлю, нерухомасць, са збору за ўтрыманне хатнiх жывёл, а не чакаць, пакуль сродкi кансалiдуюцца ў абласным цi гарадскiм бюджэце i будуць накiраваныя на месцы. Гэта служыць вялiкай падмогай. Некаторыя Саветы нават атрымалi права адлiчэння ў пэўных працэнтных адносiнах падаходнага падатку мясцовых прадпрыемстваў. Гэта не адзiны зрух у плане фiнансавання. У праекце прадугледжваецца, што паводле рашэння мясцовага сходу цi органа тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, на тэрыторыi сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання можа праводзiцца самаабкладанне грамадзян — добраахвотная здача сродкаў на грамадскiя патрэбы. Сабраныя такiм чынам грошы мяркуецца ўключаць у адпаведныя мясцовыя бюджэты i выдаткоўваць мэтанакiравана. Тым самым грамадзянам даецца больш магчымасцяў для ажыццяўлення сваiх iнiцыятыў. У праекце ёсць i нормы Указа № 70 "Аб мерах па ўпарадкаваннi ўлiку i скарачэннi колькасцi пустых i старых дамоў з гаспадарчымi i iншымi пабудовамi ў сельскай мясцовасцi", якiя дазваляюць Саветам больш актыўна займацца зносам аварыйных дамоў, што не адпавядаюць санiтарна-тэхнiчным патрабаванням. Гэтым дакументам лiквiдаваны прабел у заканадаўстве, якi датычыцца адсутнасцi адзiнага парадку рэалiзацыi пераважнага права мясцовых Саветаў дэпутатаў на набыццё грамадскiх будынкаў i iншых аб'ектаў на iх тэрыторыi, што могуць быць выкарыстаныя для мясцовых патрэбаў. Практыка паказвае, што на месцах няма адзiнага падыходу да прававога рэгулявання такога парадку. Напрыклад, у Магiлёўскiм гарвыканкаме зацвердзiлi адпаведную iнструкцыю, у астатнiх жа структурах такi парадак не быў вызначаны. Цяпер усе рознагалоссi знятыя.

У першых варыянтах законапраекта прадугледжвалася, што ўсе органы тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання (акрамя аднаасобных) будуць надзелены правамi юрыдычнай асобы. Аднак паколькi ў краiне дзейнiчае толькi адна такая структура са статусам юрыдычнай асобы, ды i абавязковае надзяленне ўсiх органаў такiмi правамi пацягне за сабой неапраўданае ўскладненне працэсу iх стварэння i дзейнасцi, было вырашана захаваць iсную норму. Паводле яе, калегiяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання можа стварацца як у выглядзе юрыдычнай асобы, так i без яе ўтварэння.

Тут таксама замацаваная норма стварэння камiтэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання. Гэта дае магчымасць iнiцыятыўным людзям удзельнiчаць у кiраваннi на месцах, абмеркаваннi праграм, выкарыстаннi сродкаў, якiя вылучаюцца на ўтрыманне сацыяльнай сферы, камунальнай гаспадаркi, развiццё iнфраструктуры раёна. У нас гэта сiстэма вельмi дэмакратычная. Тым, хто хоча гэтым займацца i каму гэта цiкава, органы ўлады нiколi не перашкаджалi, знаходзiлi магчымасць працаваць разам. Я памятаю, у нас у Вiцебску настолькi цiкавы быў камiтэт грамадскага самакiравання, але ён з часам страцiў свае здольнасцi — моладзь не ўцягваецца ў гэтую грамадскую работу. Трэба прызнаць, што наша моладзь па многiх прычынах не вельмi актыўная ў рабоце па месцы жыхарства.

Рэгiёны маюць патрэбу ў прадуманай падтрымцы ўсiх галiнаў улады, бо ў любым з iх праблем хапае. Гэта датычыцца i камунальнай гаспадаркi, i добраўпарадкавання, i сферы гандлю, i будаўнiцтва жылля, i пытанняў бытавога плана.

— А што сёння турбуе вашых выбаршчыкаў — жыхароў Вiцебска-Горкаўскай акругi?

— Мая акруга з пэўнымi клопатамi. Яна тэрытарыяльна вялiкая, з развiтой прамысловасцю. Праблем шмат: i газiфiкацыя некаторых вулiц, i добраўпарадкаванне прыватнага сектара, i пытаннi рамонту жылога фонду мясцовых Саветаў, i пытаннi гандлю, экалогii. Няпростая сiтуацыя там сёння... Акрамя ўсяго гэтага, жыхароў цiкавяць i пытаннi дзяржаўнага маштабу. Адчуваецца, што дастаткова падрыхтаваныя сёння нашы выбаршчыкi. Iх цiкавiць будаўнiцтва атамнай электрастанцыi, напрыклад. Вельмi шмат пытанняў было пра амнiстыю ў сувязi з 65-годдзем вызвалення краiны. Пыталiся, цi будзе пралангiраваны сёлета ўказ Прэзiдэнта аб iльготным праездзе для пенсiянераў у дачны сезон. Вялiкае кола выбаршчыкаў цiкавяць пытаннi, звязаныя з рэалiзацыяй алкаголю, тытуню — просяць абмежаваць збыт такой прадукцыi моладзi, закрыць пункты продажу ў папулярных месцах. Ёсць шэраг мясцовых праблем, рашэнне якiх патрабуе матэрыяльных затрат. Камусьцi хочацца працягнуць дарогу да дачнага пасёлка, камусьцi — павялiчыць колькасць рэйсаў. Iншым хочацца дзiцячую палiклiнiку ў раёне пабудаваць, не чакаючы чаргi. Але ж за гэтым "стаяць" дзяржаўныя сродкi, мы не можам бясконца расцягваць бюджэт. Наша задача — адшукаць баланс памiж мясцовымi iнтарэсамi i дзяржаўнымi патрэбамi, асаблiва ў час крызiсу. Я ўдзячны i выканаўчай уладзе, i гараджанам за канструктыўны дыялог. Дыялог такога плана, калi мяне з выбаршчыкам падзяляе хiба што шырыня стала, — гэта добрая форма ўдзелу ў жыццi раёна, яна прыносiць плён. Людзi дэманструюць свой давер ужо тым, што iдуць на сустрэчу з дэпутатам, даносяць свае праблемы. А мы робiм усё для таго, каб iх вырашыць.

Газета "Звязда"

Просмотров: 1000 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024