Четверг, 25.04.2024, 11:38
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Февраль 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2010 » Февраль » 27 » Не канстатаваць, а ўплываць
Не канстатаваць, а ўплываць
15:53

На мiнулым тыднi Савет па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання на спецыяльным пасяджэннi падвёў вынiкi сваёй работы за мiнулы год. Наўрад цi мерапрыемства можна было назваць справаздачай у звычайным разуменнi гэтага слова. Удзельнiкi сустрэчы паспрабавалi разабрацца, цi здолелi мясцовыя Саветы дэпутатаў стаць паўнапраўнымi гаспадарамi на сваiх тэрыторыях.

Адказ на гэта пытанне, агучаны старшынёй Савета па ўзаемадзеяннi, Старшынёй Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Барысам Батурам, быў несуцяшальным. І для многiх аказаўся нечаканым...

Зверху ўнiз i знiзу ўверх

Падрабязна аб асноўных кiрунках работы вышэйназванай структуры расказаў член Савета па ўзаемадзеяннi, старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцовым самакiраваннi Генадзь Навiцкi. Ён адзначыў, што дасягненне тых цi iншых канкрэтных вынiкаў у рабоце Савета забяспечваецца дзякуючы ўсебаковаму вывучэнню найбольш актуальных пытанняў рэгiёнаў i "глыбiнкi".

Гэтыя пытаннi, а таксама шляхi iх вырашэння разглядаюцца на выязных пасяджэннях, семiнарах, практычных занятках i сустрэчах са старшынямi Саветаў дэпутатаў базавага i першаснага ўзроўняў. Падчас такiх сумесных мерапрыемстваў Савет па ўзаемадзеяннi якраз i "падпiтваецца" праблемамi знізу. I ўжо на сваiм узроўнi (звярнуўшыся ў адпаведныя органы дзяржаўнага кiравання) дабiваецца iх вырашэння.

У якасцi аднаго з прыкладаў была прыведзеная сустрэча са старшынямi пасялковых i сельскiх Саветаў дэпутатаў, на якой узнiклi пытаннi па "тэме" вулiчнага асвятлення сельскiх населеных пунктаў. Рэч у тым, што ў свой час па прапанове Савета па ўзаемадзеяннi Мiнiстэрства энергетыкi зацвердзiла Тыпавое палажэнне па абслугоўваннi сетак вулiчнага асвятлення ў вёсках.

Аднак ажыццяўленне некаторых яго пунктаў на практыцы аказалася праблематычным. (Напрыклад, здыманне паказанняў аб скарыстанай электраэнергii, ускладзенае на старастаў; набыццё i ўтылiзацыя лямпачак, ускладзеныя на сельскiя Саветы.)

Па вынiках сустрэчы былi падрыхтаваныя прапановы аб унясеннi змяненняў у Тыпавое палажэнне. Сёння дасягнутая дамоўленасць з кiраўнiцтвам Мiнiстэрства энергетыкi аб тым, што здыманнем паказанняў аб скарыстанай электраэнергii, а таксама набыццём i ўтылiзацыяй лямпачак будуць займацца спецыялiзаваныя прадпрыемствы. Так што пошукi новых падыходаў у рабоце з органамi прадстаўнiчай улады ў цэлым пазiтыўна ўплываюць на дзейнасць апошнiх, адзначыў Генадзь Навiцкi.

"Разнос" наўздагон

Расказваючы пра захады, якiя робяць мясцовыя Саветы дэпутатаў Гомельскай вобласцi для забеспячэння законнасцi i правапарадку, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сялiцкi рэзюмаваў: вынiк, адэкватны намаганням, на жаль, не дасягнуты. У вобласцi на фоне агульнага знiжэння ўзроўню злачыннасцi вырасла колькасць цяжкiх i асаблiва цяжкiх злачынстваў.

— Але ў нас чамусьцi склалася практыка "разносаў" i "разбораў" наўздагон фактам, якiя ўжо мелi месца. Замест таго, каб думаць пра гэта загадзя, — канстатаваў Валерый Сялiцкi.

Летам мiнулага года дэпутаты Гомельскага абласнога Савета наведалi жаночую калонiю. Яна перапоўненая i пашыраецца. Жаночы алкагалiзм прагрэсуе i маладзее, як i жаночая злачыннасць. Мiж тым, кiраўнiкi шэрагу арганiзацый не хочуць бачыць гэту праблему. А мясцовым Саветам, сельскiм выканкамам не ўдаецца арганiзаваць належную работу з насельнiцтвам па прычыне загружанасцi працаёмкiмi працэдурамi.

Валерый Сялiцкi прапанаваў распрацаваць у кожным Савеце праграму карыснай занятасцi насельнiцтва, якая ахоплiвала б як мага больш кiрункаў па iнтарэсах i дазваляла па максiмуму загрузiць вольны час людзей.

— Напэўна, неабходна спачатку загрузiць iх працай, — заўважыў Барыс Батура. — Бо насельнiцтва ў сельскай мясцовасцi загружанае працай не поўнасцю. У сельгаспрадпрыемствы прыйшла высокая механiзацыя, у вынiку вызваляюцца людзi. Пры гэтым задачы, запiсаныя ў праграме адраджэння i развiцця вёскi — аб неабходнасцi стварэння новых працоўных месцаў — на жаль, не выконваюцца. I органы мясцовага самакiравання не заўсёды ўплываюць на выканаўчую ўладу ў iх вырашэннi.

Патрэбны быў "штуршок"

На думку старшынi Шумiлiнскага раённага Савета дэпутатаў Iрыны Новiкавай, роля органаў мясцовага кiравання i самакiравання значна ўзрасла пасля прыняцця Указа № 21. Да гэтага Саветы таксама працавалi з насельнiцтвам, але заставалася шмат неўрэгуляваных пытанняў. Такiх, як утрыманне вулiц, дарог, водаправодных сетак i калодзежаў, матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне Саветаў i фармiраванне бюджэтаў першаснага звяна ўлады.

Пасля прыняцця ўказа ў Шумiлiнскiм раёне (як i ў Вiцебскай вобласцi ў цэлым) кардынальна змянiлiся падыходы да фармiравання першасных бюджэтаў. Сёння ад iх структуры рэальна залежыць зацiкаўленасць мясцовай улады ў развiццi сваiх тэрыторый. Таму рэгулюючай даходнай крынiцай, якая мае найбольшую ўдзельную вагу ў агульнай суме даходаў, з'яўляецца падаходны падатак з фiзiчных асобаў. Так званай "базай" для налiчэння выступаюць аб'екты iнфраструктуры — адукацыi, аховы здароўя, культуры, а таксама сельгаспрадпрыемствы, якiя знаходзяцца на тэрыторыi сельсаветаў. Што ў вынiку?

Калi да рэалiзацыi ўказа ўласная даходная частка першасных бюджэтаў ледзь дацягвала да 10 працэнтаў, дык цяпер яна складае 70 працэнтаў i больш. Таксама ў адпаведнасцi з Указам № 21 вулiцы сельскiх населеных пунктаў раёна з мiнулага года перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Балансаўтрымальнiк, такiм чынам, вызначаны. Як i сума фiнансавання на год: на 138 км вулiц — 48 млн рублёў, якiя размеркаваны ў бюджэты першаснага ўзроўню.

— Грошай не шмат, — пагаджаецца Iрына Новiкава. — Але ж раней i гэтага не было, фiнансаванне сельскiх вулiц не прадугледжвалася ўвогуле. А цяпер вырашэнне праблемы скранулася з "мёртвай кропкi". З'явiлiся зрухi i па iншых кiрунках, i гэта добра. Таму што людзi не павiнны быць закладнiкамi нявырашаных праблем.

— Дзякуючы Указу Прэзiдэнта № 21 мы сапраўды пачалi варушыцца, — пагадзiўся Барыс Батура. — Але вы павiнны звярнуць увагу на iншы момант. Няўжо кожны раз, каб пачаць нешта канкрэтнае рабiць, неабходны штуршок з боку дзяржавы? Чаму раней нельга было прадугледзець у бюджэтах стварэнне i ўмацаванне матэрыяльнай базы першаснага ўзроўню ўлады, знайсцi гаспадара водаправода або калодзежа? Гэтыя праблемы былi вiдавочныя i зразумелыя для ўсiх, але iмi нiхто не займаўся. А роля мясцовага самакiравання якраз i заключаецца ў тым, каб бачыць праблемы i дабiвацца iх вырашэння. Няўжо раней Саветы не маглi вынесцi на сесiю гэту вiдавочнасць, паставiць пытанне перад выканаўчай уладай? Маглi. Але не паставiлi. Значыць, гаварыць аб тым, што мясцовае самакiраванне дасягнула нейкiх вышыняў, яшчэ рана.

Знайшоў клiента — аддай аб'ект

Усе iншыя пытаннi, на якiх засяроджвалi ўвагу ўдзельнiкi сустрэчы — здзяйсненне мерапрыемстваў у межах Года роднай зямлi, прыцягненне насельнiцтва да вырашэння мясцовых пытанняў, пашырэнне i ўмацаванне падатковай базы сельсаветаў — таксама разглядалiся з пункту гледжання ролi дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Актыўная работа мясцовай улады Дзяржынскага раёна па стварэннi новых прадпрыемстваў i, адпаведна, працоўных месцаў (у тым лiку i ў сельскай мясцовасцi) дала магчымасць сфармiраваць там бездатацыйны бюджэт. Прычым не толькi на раённым узроўнi.

Сёння за кошт выключна ўласных крынiц фармiруюцца бюджэты 6 сельсаветаў. — Аднак я перакананы, што той узровень самафiнансавання, якога дасягнулi ў Дзяржынскiм раёне, можа быць на парадак вышэйшы, — лiчыць старшыня Савета па ўзаемадзеяннi.

— Часам для таго, каб атрымаць у гэтым раёне пусты будынак, патэнцыйнаму прадпрымальнiку трэба патрацiць 3-4 месяцы... А мiж тым, мы павiнны — i дзяржаўная палiтыка на гэта накiравана — павярнуцца ў бок развiцця малога прадпрымальнiцтва, пераадолець бюракратызм. Знайшлi клiента — аддайце яму аб'ект за адну базавую велiчыню. I ўсё будзе нармальна, падаткi ў бюджэт пойдуць... А сельскiя Саветы разам з раённым Саветам тут недапрацоўваюць.

Пазiцыя... згоды

Падводзячы вынiкi работы Савета па ўзаемадзеяннi за мiнулы год, Барыс Батура адзначыў, што пэўныя зрухi ёсць, з'явiлiся паслядоўнасць i сiстэмнасць. Нешта змяняецца i на месцах, на першасным i базавым узроўнях.

— Але галоўнага мы, на жаль, не дасягнулi — Саветы не сталi паўнапраўнымi гаспадарамi на падведамных тэрыторыях. Пакуль што яны ў асноўным фiксуюць усё тое, што робiць выканаўчая ўлада, i практычна не ўплываюць на вырашэнне праблем тэрыторый — хiба што праз рэагаванне на скаргi i заявы грамадзян. А хто, скажыце, уносiў якiя-небудзь карэктывы цi прапановы на стадыi распрацоўкi праграм развiцця рэгiёнаў? Фармальна праграмы абмяркоўваюцца дэпутатамi, але пасля абмеркавання чамусьцi застаюцца нязменнымi. Дэпутацкi ўплыў — якраз тое, чаго нам не хапае i чаго трэба дабiвацца. Гэта не азначае канфрантацыю з выканаўчай уладай. Проста трэба больш актыўна выказваць сваю пазiцыю, iмкнуцца ўлiчваць усе патрэбы насельнiцтва.

Звязда
Просмотров: 968 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024