Суббота, 20.04.2024, 08:15
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Декабрь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2010 » Декабрь » 9 » Падатковыя стымулы для мясцовай улады
Падатковыя стымулы для мясцовай улады
21:29
Якія змяненні ў надыходзячым годзе закрануць мясцовыя бюджэты? Ці з'явяцца ў іх дадатковыя крыніцы фінансавання? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення мясцовых бюджэтаў галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Андрэя ЛАБОВІЧА.

— Сапраўды, у бюджэтнае заканадаўства ўнесены пэўныя змяненні. У прыватнасці, мы атрымаем новы механізм размеркавання падатку на прыбытак. Калі сёлета 50 працэнтаў гэтага падатку заставалася ў рэспубліканскім бюджэце, а 50 адпраўлялася на мясцовы ўзровень, то з наступнага года парадак кардынальна зменіцца.

Сістэма пабудавана такім чынам, што ўвесь падатак на прыбытак прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці (створаных мясцовымі ўладамі), а таксама падатак на прыбытак прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці (створаных прыватным капіталам) будзе цалкам заставацца ў распараджэнні мясцовых бюджэтаў. Што датычыцца прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці, падатак на іх прыбытак будзе размяркоўвацца, як і раней (50 працэнтаў — у рэспубліканскі бюджэт, 50 — у мясцовы).

У цэлым такі падыход дазволіць пакідаць на мясцовым узроўні і ў распараджэнні мясцовых органаў улады каля 70 працэнтаў усяго падатку на прыбытак, які вылічваецца ў рэгіёне. Мы ўпэўнены, што гэта стане дадатковым стымулам для мясцовай улады, каб ствараць новыя вытворчасці. Схема тут простая: больш новых прадпрыемстваў — большая падатковая база — большы аб'ём адлічэнняў у свой бюджэт.

— Інакш кажучы, любое прадпрыемства, якое створыцца па ініцыятыве мясцовай улады, становіцца дадатковай крыніцай фінансавых паступленняў у мясцовыя бюджэты?

— Дакладна так. Калі прадпрыемства створыцца на абласным узроўні — увесь падатак на яго прыбытак пойдзе ў абласны бюджэт, калі ж на раённым — застанецца ў раёне. Да слова, у Магілёўскай вобласці пры падтрымцы бюджэту быў створаны завод па замарожванні ягад і іншых дароў прыроды. Ён прыносіць каля 1 мільярда рублёў падаткаў у мясцовы бюджэт. Стварыўшы па адным такім прадпрыемстве ў кожным раёне, мы зможам істотна палепшыць іх рэсурсную базу.

— За апошнія некалькі гадоў адменены шэраг мясцовых падаткаў і збораў... Не ўсе былі з гэтым згодныя, многія прапаноўвалі вярнуць тэрыторыям права на ўвядзенне мясцовых падаткаў. Ці магчымае такое вяртанне?


— Мы ўжо гэта "праходзілі", у нас была такая практыка, калі абласны і раённы ўзроўні ўлады самі вырашалі, якія падаткі ўводзіць. Атрымлівалася, што на мясцовым узроўні ўводзілася да 20 разнастайных падаткаў — з незразумелымі аб'ектамі, з незразумелым парадкам налічэння. Гэта выклікала шмат нараканняў, ускладняла працэдуру афармлення дэкларацый і іншай патрэбнай дакументацыі.

Між тым, эфектыўнасць грашовых паступленняў у мясцовыя бюджэты была не вельмі істотнай. Таму мы паступова прыйшлі да таго, што трэба ўніфіцыраваць падатковую сістэму для ўсёй краіны.

Сёння для ўсіх рэгіёнаў дзейнічае адзіны парадак абкладання падаходным падаткам, падаткамі на зямлю і на нерухомасць. Хоць, па сутнасці, гэтыя падаткі з'яўляюцца мясцовымі, бо ідуць у мясцовы бюджэт, парадак іх налічэння вызначаецца на рэспубліканскім узроўні.

— Што можна сказаць пра бюджэты пярвічнага ўзроўню? Ці перагледжаны іх даходныя крыніцы і расходныя паўнамоцтвы?

— Бюджэтным кодэксам з 2011 года прадугледжаная наступная норма: залічваць у даход бюджэтаў пярвічнага ўзроўню адлічэнні ад падаходнага падатку з фізічных асоб. Нарматывы адлічэнняў будуць вызначаць раённыя Саветы дэпутатаў. Акрамя гэтага, мы канкрэтызавалі і дапоўнілі — з улікам усіх пажаданняў — расходныя паўнамоцтвы пярвічных бюджэтаў.

Пачынаючы з наступнага года, за іх кошт будзе забяспечвацца функцыянаванне саміх органаў мясцовага кіравання і самакіравання, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку і іншае. Заканадаўча замацоўваецца і магчымасць расходаваць небюджэтныя сродкі, атрыманыя шляхам самаабкладання: цяпер на пярвічным узроўні самі будуць вырашаць, колькі грошай збіраць і на якія мэты іх траціць.

— Але ж так было і раней...

— Раней небюджэтныя сродкі нават не праходзілі праз бюджэт — яны "асядалі" ў кішэні альбо старэйшыны, альбо яшчэ ў чыёй-небудзь, што не выключала злоўжыванняў. Цяпер гэта пытанне адрэгулявана Бюджэтным кодэксам: сродкі, атрыманыя ад самаабкладання, уключаюцца ў даходную і, адпаведна, расходную часткі пярвічнага бюджэту.

Вялікія змены датычацца і парадку выкарыстання небюджэтных сродкаў бюджэтнымі арганізацыямі. Парадак іх выкарыстання і адказнасць за гэта будуць адпавядаць парадку, вызначанаму для выкарыстання бюджэтных сродкаў. Калі раней за нямэтавае або неэфектыўнае выкарыстанне небюджэтных сродкаў фактычна ніхто не нёс ніякай адказнасці, то з 2011 года яна будзе існаваць. Напэўна, яшчэ ў гэтым годзе ўрад зацвердзіць парадак выкарыстання небюджэтных сродкаў бюджэтнымі арганізацыямі. Гэты парадак будзе датычыцца фарміравання і выкарыстання небюджэтных сродкаў, а таксама адказнасці за іх эфектыўнае і мэтавае выкарыстанне.

— Усе вышэйназваныя змяненні ўнесены ў Бюджэтны кодэкс для таго, каб зменшыць узровень датацыйнасці тэрытарыяльных адзінак?

— Мы маем на ўвазе не столькі змяншэнне датацыйнасці як такой, колькі павелічэнне зацікаўленасці органаў мясцовай улады ў развіцці сваіх тэрыторый. Датацыйнасць — гэта, з аднаго боку, добра, з іншага — дрэнна. Добра — таму што ў бюджэце ёсць пастаянная, гарантаваная крыніца даходаў, якая не залежыць ад вынікаў эканамічнай дзейнасці рэгіёна. Але, з іншага боку, мясцовая ўлада, ведаючы, што гэтую суму яна атрымае ў любым выпадку, у нейкім сэнсе расслабляецца, і ў выніку змяншаецца яе зацікаўленасць у развіцці тэрыторыі...

Неабходна знаходзіць разумны баланс паміж узроўнем датацыйнасці і велічынёй самастойна заробленых сродкаў.

— Сёння шмат гаворыцца аб неабходнасці актывізаваць перадачу сельскіх дарог, водаправодных сетак і іншых гаспадарчых аб'ектаў на баланс спецыялізаваных арганізацый і службаў.


— Сапраўды, зачастую атрымліваецца, што тыя ж вясковыя дарогі, могілкі ці калодзежы не знаходзяцца ні на балансе сельвыканкама, ні на балансе спецыялізаванай раённай арганізацыі — ЖКГ ці яшчэ якой-небудзь. Значыць, узнікаюць пытанні па перадачы гэтых аб'ектаў, заканадаўчым замацаванні за пэўнымі структурамі, якія могуць несці расходы па іх утрыманні і эксплуатацыі. Мы пра гэта ведаем. Сёння і Міністэрства фінансаў, і іншыя міністэрствы ўносяць свае прапановы, вызначаюць, хто і чым канкрэтна будзе займацца. Напрыклад, уносяцца змяненні і дапаўненні ў пастанову Мінжылкамгаса, дзе вызначаны пералік работ па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання.

— Ці будуць прафінансаваныя дадатковыя расходы, якія для гэтага спатрэбяцца?


— У адпаведнасці з заканадаўствам, нашы бюджэты з'яўляюцца самастойнымі. Міністэрства фінансаў не можа ўказваць таму ж бюджэту абласнога ўзроўню, што менавіта фінансаваць. Гэта вызначае адпаведны Савет дэпутатаў пры зацвярджэнні бюджэту вобласці. Усё будзе залежаць ад актыўнасці мясцовай выканаўчай улады і дэпутацкага корпусу. Прычым не толькі абласнога, але і базавага ўзроўняў.

— У Міністэрства фінансаў ёсць прэтэнзіі да дзейнасці мясцовых уладаў у частцы эканоміі бюджэтных сродкаў?

 — Гэта пытанне не страчвае сваёй актуальнасці. Міністэрства пастаянна кантралюе эфектыўнасць расходавання бюджэтных сродкаў, каб не дапусціць неабгрунтаваныя траты. Штоквартальна аналізуюцца і рыхтуюцца да разгляду калегій Мінфіна факты фінансавання такіх пазачарговых расходаў — тут і будаўніцтва сквераў і фантанаў, і набыццё імпартнага абсталявання, і іншае, без чаго можна было б пакуль што абысціся.

— Якім, на думку фінансістаў, будзе надыходзячы год для мясцовых бюджэтаў?

— Не менш напружаным. Патрабаванні па эканоміі сродкаў застаюцца па-ранейшаму актуальнымі. Бюджэт краіны захоўвае сацыяльную накіраванасць, а значыць, павялічацца расходы на заработную плату, на выплаты субсідый... У наступным годзе неабходна пабудаваць 7,5 мільёна квадратных метраў жылля, паралельна забяспечыўшы яго інфраструктурай, і гэтак далей. Таму расходы павялічацца. Але бюджэт на 2011 год цалкам збалансаваны. Расходныя артыкулы будуць забяспечаны дзякуючы даходным крыніцам.

Звязда
Просмотров: 1065 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024