Воскресенье, 19.11.2017, 11:39
| RSS
Главная | Публикации
Меню сайта
Категории каталога
Книги [1]
Статьи [16]
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » Статьи » Статьи

Галоўны накірунак – развіццё мясцовага самакіравання
Такую асноўную задачу на сучасным этапе вырашае Асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Фонд імя Льва Сапегі”.

Чаму яно так завецца? Жыццё канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Іванавіча Сапегі (1557 - 1633) - гэта дзесяцігоддзі максімальнага росквіту Княства, «залаты век» сярэднявечнай Беларусі. Леў Сапега вядомы ў нашай гісторыі:

• як выдатны юрыст, адзін з аўтараў 3-га Статута Вялікага Княства Літоўскага (1588г.),
• як гуманіст і асветнік, ідэі і погляды якога на чалавека, грамадства і ўладу перажылі стагоддзі і нават сёння не страцілі сваёй актуальнасці,
• як бліскучы дыпламат, які самааддана абараняў беларускую дзяржаўнасць і значна ўмацаваў яе,
• як паслядоўны абаронца правоў і вольнасцяў грамадзян, які спрыяў пашырэнню рэгіянальнай дэмакратыі і гарадскога самакіравання ў форме Магдэбургскага права,
• як таленавіты военачальнік, які неаднаразова супрацьстаяў знешняй агрэсіі і дасягаў перамогі,
• як мецэнат і фундатар, які ўласнымі сродкамі спрыяў развіццю адукацыі, духоўнай і матэрыяльнай культуры свайго народа,

• як мудры і разважлівы суддзя, які клапаціўся пра маральнасць чалавека і ўлады, падтрымліваў слабых ад здзекаў і прыгнёту, а таксама стрымліваў ад свавольства моцных і багатых.

АГА «Фонд імя Льва Сапегі» – недзяржаўная, непалітычная, некамерцыйная арганізацыя. Гэта адно са старэйшых беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, што было створана 11 жніўня 1992 г. дзеля спрыяння працэсам усталявання і развіцця дэмакратычных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь у галіне мясцовага самакіравання, эканомікі, навукі, культуры; развіццю ў Беларусі грамадзянскай супольнасці; прапагандзе ідэй дэмакратыі.
 Напрамкі дзейнасці - развіццё мясцовага самакіравання; рэалізацыя правоў грамадзян у лакальнай супольнасці; развіццё і падтрымка рэгіянальных недзяржаўных арганізацый; падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў; ажыццяўленне асветніцкай, навуковай і выдавецкай працы.
 Грамадская арганізацыя вырашае наступныя задачы:
  • распрацоўвае прапановы па рэфармаванню і ўдасканаленню мясцовага кіравання і самакіравання ў Беларусі;
  • аналізуе беларускае і замежнае заканадаўства, спрыяе распрацоўцы нарматыўных актаў па пытаннях мясцовага самакіравання;
  • супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі недзяржаўнымі арганізацыямі для ўмацавання дэмакратыі ў Беларусі, развіццю міжнародных сувязяў;
  • спрыяе адраджэнню і развіццю традыцый нацыянальнай культуры, гістарычнай спадчыны народаў Беларусі і ўмацаванню яе суверэнітэту;
  • падтрымлівае грамадзянскія ініцыятывы з боку грамадскіх аб'яднанняў і фізічных асобаў;

• развівае сістэму грамадзянскай адукацыі.

АГА “Фонд імя Льва Сапегі” з чэрвеня 2001 г. мае статус назіральніка ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы. Гэта дае магчымасць прадстаўнікам аб’яднання рэгулярна браць удзел у працы пазначанага Кангрэса ў Страсбургу.

Нядаўна адбылася чарговая справазадчна-выбарчая канферэнцыя Асветніцкага грамадскага аб’яднання. Старшынёй Праўлення на новы тэрмін абраны вядомы грамадскі дзеяч, юрыст Міраслаў Кобаса. Сёння з ім гутарыць галоўны рэдактар Андрэй Вышынскі.

- Раскажыце, калі ласка, пра сённяшні стан мясцовага самакіравання ў Беларусі?

 У краіне, па сутнасці, захавана савецкая сістэма арганізацыі і дзейнасці мясцовых органаў улады. Мясцовыя Саветы дэпутатаў з’яўляюцца прадстаўнічымі дзяржаўнымі органамі. Яны ўключаны ў агульную сістэму дзяржаўных органаў улады рэспубліканскага (агульнанацыянальнага) і мясцовага ўзроўняў. Гэта сведчыць, што ў Беларусі, ў адрозненні ад пераважнай большасці еўрапейскіх краін, рэалізавана дзяржаўная канцэпцыя мясцовага самакіравання. У сваёй дзейнасці Саветы, ў першую чаргу, кіруюцца агульнадзяржаўнымі інтарэсамі, а таксама абавязаны выконваць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў (арт. 120 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). Прававы статус мясцовых Саветаў не дазваляе ім выконваць ролю самастойных і незалежных органаў публічнай улады, якія павінны прадстаўляць інтарэсы мясцовай супольнасці грамадзян.

- Якіх яшчэ рычагоў уплыву пазбаўлены мясцовыя Саветы дэпутатаў?

- Яны не маюць уласных выканаўчых органаў. У 1994 годзе выканаўчыя органы мясцовых Саветаў дэпутатаў былі выключаны з сістэмы мясцовага самакіравання і цяпер складаюць асобную сістэму мясцовага кіравання. Яна фарміруецца незалежна ад грамадзян і мясцовых Саветаў вышэйстаячымі органамі дзяржаўнага кіравання рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў. Па сутнасці, мясцовыя выканаўчыя камітэты сталі дзяржаўнымі адміністрацыямі на мясцовым узроўні. Мясцовыя Саветы дэпутатаў не аказваюць рэальнага ўплыву на іх дзейнасць, выконваюць ролю “машыны для легалізацыі” рашэнняў выканаўчых органаў улады.

- Скажыце, а якое дачыненне маюць мясцовыя Саветы да камунальнай уласнасці?

- У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з арт.13 Канстытуцыі існуе дзве формы ўласнасці -дзяржаўная і прыватная. Камунальная ўласнасць з’яўляецца разнавіднасцю дзяржаўнай уласнасці. Гэта дае магчымасць дзяржаве ў адміністрацыным парадку пераразмяркоўваць канкрэтныя аб’екты кіравання з разраду камунальнай у разрад рэспубліканскай уласнасці. Зямля і іншыя прыродныя рэсурсы адносяцца выключна да дзяржаўнай уласнасці. Мясцовыя органы ўлады распараджаюцца імі фактычна толькі па даручэнню дзяржавы на правах гаспадарчага ведання і аператыўнага кіравання.

- Ці існуюць праблемы з выбарамі дэпутатаў мясцовых Саветаў?

  -Дэпутаты мясцовых Саветаў абіраюцца на 4 гады па мажыратарнай сістэме ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, які дзейнічае з 2000 г. Згодна ацэнкам беларускіх і замежных экспертаў, а таксама афіцыйным заключэнням АБСЕ, існуе шмат нявырашаных праблем.
 Па-першае, гэта непразрыстая працэдура фарміравання выбарчых камісій, якая ажыццяўляецца пад кантролем выканаўчай улады і не забяспечвае роўнае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях палітычных і грамадскіх арганізацый і выклікае пытанні да камісій пры падліку імі галасоў.
 Па-другое, гэта непразрыстая працэдура рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, якая перашкаджае рэгістрацыі значнай колькасці вылучаных грамадзянамі, палітычнымі партыямі і працоўнымі калектывамі кандыдатаў з-за няроўных і прадузятых адносін да іх выбарчых камісій.
 Па-трэцяе, гэта працэдура датэрміновага галасавання, якая не забяспечвае недатыкальнась у скрынях для галасавання на працягу пяці сутак датэрмінова паданых галасоў, а таксама выкарыстоўваецца як сродак уціску на выбаршчыка.

Нарэшце, чацьвертае – гэта адсутнасць неабходных прававых гарантый ў назіральнікаў ад палітычных партый, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў і грамадзян пад час правядзення і пасля заканчэння выбараў, што перашкаджае працэдуры рэальнага назірання імі правільнасці падліку галасоў і падвядзення вынікаў выбараў.

- Распавядзіце, калі ласка, пра сённяшнюю сістэму кіравання.

- У нашай краіне захоўваецца жорсткая цэнтралізаваня сістэма кіравання як на рэспубліканскім, так і на мясцовым узроўні. Сістэма мясцовых Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканаўчых камітэтаў трохузроўневая. Абласны ўзровень – 7 адзінак (абласныя і Мінскі гарадскі Саветы і выканкамы). Базавы – 130 адзінак (Саветы і выканкамы раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання). Пярвічны – каля 1380 адзінак (Саветы і выканкамы сельскія, пасялковыя і гарадоў раённага падпарадкавання).
Паміж узроўнямі ўстаноўлены адносіны ўзаемападпарадкавання. Вышэйстаячы Савет і выканаўчы камітэт могуць адмяніць рашэнне адпаведна ніжэйстаячага Савета і выканаўчага камітэта. Пры ўзнікненні калізіі прававых актаў дзейнічае акт вышэйстаячага ўзроўня ўлады. Саветы і выканаўчыя камітэты вышэйстаячага ўзроўню маюць рашаючы ўплыў на кадравую палітыку ніжэйстаячага ўзроўню. Судовая абарона мясцовых органаў улады ад уціску на іх дзейнасць вышэйстаячага ўзроўню ўлады, у адрозненні ад заканадаўства іншых еўрапейскіх краінаў, беларускім законам не прадугледжана.
 Згодна закону мясцовы Савет дэпутатаў – юрыдычная асоба. Але ў яго няма банкаўскага рахунку і сваёй маёмасці. Фінансавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі знаходзяцца на рахунку выканаўчага камітэта, камунальная ўласнасць – на балансе такого ж выканаўчага камітэта.

І яшчэ, адным з важных прынцыпаў дзейнасці мясцовага самакіравання з’яўляецца галоснасць. Але грамадзянам праблематычна прысутнічаць на сесіях Савета, а тым больш пасяджэннях выканкама, ці атрымаць інфармацыю пра іх дзейнасць. Недасканаласць Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, а таксама рэгламентаў мясцовых Саветаў і выканкамаў фактычна робяць закрытым ад грамадзян працэс падрыхтоўкі і прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні.

- Некалькі слоў аб кампетэнцыі мясцовых Саветаў.

- Яна мае абмежаваны характар. З васемнаццаці пытанняў, якія Закон адносіць да выключнай кампетэнцыі Саветаў, толькі чатыры (яны прама ўказаны ў арт. 121 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь) сапраўды значымыя для ўсіх грамадзян. Гэта зацвярджэнне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі і мясцовых бюджэтаў, а таксама справаздач аб іх выкананні. Гэта вызначэнне парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю. Гэта ўстанаўленне мясцовых падаткаў і збораў. Гэта прызначэнне мясцовых рэферэндумаў. Іншыя пытанні адносяцца да ўнутрыарганізацыйнай дзейнасці Савета і не выклікаюць сапраўднага інтарэсу грамадзян.

Асноўныя пытанні, якія закранаюць першачарговыя інтарэсы грамадзян, знаходзяцца ў кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў. Мясцовыя Саветы дэпутатаў дэлегуюць альбо даручаюць вырашаць большасць пытанняў сваё кампетэнцыі з-за адсутнасці выканаўчых органаў мясцовага самакіравання. Пры гэтым Саветы падсправаздачны і падкантрольны грамадзянам, а выканкамы – не, хаця менавіта яны практычна вырашаюць усе пытанні паўсядзённага жыццезабеспячэння грамадзян.

- А якія ў нас ёсць формы непасрэднай дэмакратыі?

- У заканадаўстве Беларусі замацавана даволі шмат форм непасрэднай дэмакратыі. Гэта мясцовы рэферэндум,сходы грамадзян, права на праватворчую ініцыятыву і іншые. Але працэдура іх рэалізацыі настолькі забюракратызавана, што фактычна названыя формы не працуюць. Да гэтага часу няма прэцэдэнта правядзення мясцовага рэферэндума, рэалізацыі праватворчай ініцыятывы, вельмі рэдка адбываюцца сходы грамадзян па месцы жыхарства. Мясцовая ўлада не праяўляе налэжнай зацікаўленасці да падрыхтоўкі і правядзення сходаў грамадзян для абмеркавання найбольш важных пытанняў дзяржаўнага і мясцовага значэння.
У заканадаўстве адсутнічае якое-небудзь нарматыўнае рэгуляванне такіх сучасных і распаўсюджаных у шмат якіх краінах форм непасрэднай дэмакратыі, як грамадскія слуханні і апытанне грамадзян.
 

  -Чаго яшчэ не хапае Саветам дэпутатаў для эфектыўнай дзейнасці?

- Няма ў іх заканадаўча замацаванага права на стварэнне саюзаў і асацыяцый мясцовага самакіравання. Таму ў Беларусі да гэтага часу адсутнічае асацыяцыя мясцовых органаў улады. Але ж першыя кантакты прадстаўнікоў беларускага Парламента і Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы на пачатку года прывялі да таго, што ў сакавіку гэтага года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь было прынята палітычна прынцыповае рашэнне аб стварэнні ў Беларусі асацыяцыі мясцовых органаў улады. Але гэтым рашэннем яшчэ трэба налэжным чынам скарыстацца…

- Ці ёсць перспектывы дзейнасці арганізацыі ў рамках праграмы “Усходняе партнёрства”?

- Мы ўскладваем на гэта важкія спадзяванні. Вельмі важна каб пачаўся канструктыўны дыялог паміж недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі і мясцовымі органамі ўлады па пытаннях мясцовага жыцця. Мы таксама спадзяемся, што мясцовыя органы ўлады прымуць большы ўдзел у праграмах і праектах па пытаннях мясцовага самакіравання. Мы разлічваем на больш свабодны доступ да інфармацыі аб дзейнасці мясцовых органаў улады, на рэалізацыю форм непасрэднай дэмакратыі. Усё разам узятае будзе садзейнічаць развіццю дэмакратыі і станаўленню грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне.

- Дзякуй за гутарку.


Категория: Статьи | Добавил: sapieha (14.07.2009)
Просмотров: 1089 | Комментарии: 2 | Рейтинг: 5.0/1 |
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2017