Четверг, 02.05.2024, 14:46
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Март 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Март » 25 » Не выходзіць за першасны узровень
Не выходзіць за першасны узровень
14:34

У органы мясцовай улады Гомельскай вобласцi летась паступiла больш за 58 тысяч пiсьмовых зваротаў грамадзян. Гэта на 45 працэнтаў меньш, чым у 2007 годзе. Непасрэдна ў Гомельскi аблвыканкам паступiла 3318 зваротаў, або на 21 працэнт менш. Найбольш заўважна знiзiлася лiчба зваротаў i скаргаў, якiя тычацца будаўнiцтва i жыллёвай палiтыкi, а таксама пытанняў дзейнасцi падраздзяленняў жыллёва-камунальнай гаспадаркi.

З аднаго боку, гэта сведчыць аб паспяховай рэалiзацыi ў вобласцi, як i ў рэспублiцы ў цэлым, дзяржаўнай праграмы жыллёвага будаўнiцтва. Так, колькасць пабудаванага жылля ў рэгiёне за апошнiя тры гады вырасла на 65 працэнтаў, значныя сродкi ўкладзены ў капiтальны рамонт жылога фонду. З другога боку, якасна палепшылася работа са зваротамi грамадзян на месцах. Чыноўнiкi сталi больш даступнымi, таму многiя пытаннi вырашаюцца ў рабочым парадку. Разам з тым, ёсць недахопы. Напрыклад, летась за недагляд у рабоце са зваротамi грамадзян было пакарана 180 службовых асобаў, у тым лiку адзiн са старшынь райвыканкама.

— Калi мы бачым, што сапраўды хтосьцi падтрымлiвае свой ведамасны iнтарэс, а не думае аб дзяржаўным, тады пад крытыку трапляюць i старшынi райвыканкамаў, i iншыя адказныя асобы, — гаворыць намеснiк начальнiка кiравання справамi — начальнiк аддзела па рабоце са зваротамi грамадзян i прававым забеспячэннi Гомельскага аблвыканкама Віталь Уткін.

Сёння грамадзянiн не павiнен быць просьбiтам у чыноўнiка, чалавеку трэба аддаваць больш увагi. Дырэктыва № 2, зноў жа, гаворыць аб тым, што, калi пытанне складанае — ёсць прабел у заканадаўстве або незразумела, як яго дакладна iнтэрпрэтаваць — праблема адназначна павiнна вырашацца на карысць грамадзянiна. На жаль, працэсы дэмакратызацыi, якiя iдуць у нашай дзяржаве, асобныя грамадзяне ўспрымаюць як усёдазволенасць. Іх не цiкавiць, што ў гэтай сiтуацыi парушаюцца правы iншых грамадзян. Ёсць пэўная катэгорыя людзей, якiя iмкнуцца выкарыстоўваць закон аб зваротах грамадзян у сваiх карысных мэтах. Сёння ўсе кiраўнiкi сталi абсалютна даступныя для ўсiх катэгорый людзей. Некаторыя грамадзяне прыходзяць па 5-6 разоў i займаюцца псiхалагiчным тэрорам. У пэўнай часткi з тых, хто прыходзiць пастаянна, ёсць жаданне скiнуць на чыноўнiка свой эмацыйны стрэс. Ёсць такая катэгорыя агульнапрызнаных "герояў", якiх цiкавiць любая сацыяльная праблема, i за кошт яе вырашэння ў сваiм раёне, двары яны спрабуюць "напрацаваць" сабе пэўны iмiдж. Улада сёння ведае праблемы грамадзян, але ж тут аднымi амбiцыямi не абыдзешся.

Аднак у нас хапае сiлы, волi, цярпення выслухоўваць такiх людзей i не паддавацца на "правакацыю".

— Наша насельнiцтва добра памятае i савецкi час, i той сацыяльны пакет, якi iснаваў раней...

— У рэспублiцы Беларусь сёння ён меншы. Але ж шэраг грамадзян, выкарыстоўваючы ў тым лiку i чарнобыльскую тэматыку, жадаюць вырашыць свае праблемы так, як было раней. У нас ёсць прыклад, калi чалавека перасялiлi з чарнобыльскай зоны, ён выкарыстаў сваё права, а потым кiнуў дом i патрабуе, каб яго па-новаму перасялялi, але ж абавязкова ў Гомель. Як нi дзiўна, але ёсць людзi, якiя праз 60 гадоў спрабуюць атрымаць льготы ветэранаў Вялiкай Айчыннай. Зараз практычна не засталося сведкаў, звесткi з архiваў супярэчлiвыя... Але ж чалавек абвiнавачвае адказную асобу, што не дапамагла яму. Ёсць i такiя, якiя не плацяць за "камуналку" i кажуць, што ЖКГ аказвае няякасныя паслугi. Пры гэтым суседзi па пляцоўцы нараканняў не маюць.

— Ёсць магчымасць прыпынiць перапiску з чалавекам, калi яна безвынiковая?

— Заканадаўствам прадугледжаны артыкул аб прыпыненнi перапiскi, але на практыцы ён не працуе. Калi мы прыпыняем перапiску на сваiм узроўнi, аўтаматычна чалавек пачынае звяртацца ў вышэйстаячы орган. У сталiцы яго зварот рэгiструюць, вяртаюць нам, i мы зноў разглядаем. I атрымлiваецца, што мы аўтаматычна самi сабе ствараем праблему росту зваротаў грамадзян як у вышэйстаячыя органы, так i да нас. З такой катэгорыяй грамадзян вельмi складана. Сёння нават прадугледжваецца спагнанне з iх матэрыяльных выдаткаў, але як iх падлiчыць? I гэта трэба рабiць у судовым парадку. Можа, калi б людзi ўносiлi нейкую нязначную плату за падачу зваротаў, такiх скаргаў стала б менш.

— Многiя арганiзацыi рэгулярна атрымлiваюць скаргi ад псiхiчна хворых людзей. Цi абавязкова iм адказваць?

— Сёння заканадаўства не дазваляе iм не адказваць. Усё адно мы павiнны напiсаць: паважаны, ваш зварот разгледжаны. I адказ яму трэба даваць. Нават у выпадку, калi вырашэнне праблемы знаходзiцца не ў нашай кампетэнцыi, адказ павiнен быць.

— Вы можаце прывесцi канкрэтныя прыклады дапамогi людзям пасля iх зваротаў да органаў улады?

— За мiнулы год толькi з боку абласнога выканаўчага камiтэта пяцiстам грамадзянам аказана рэальная дапамога або выдзелены пэўныя матэрыяльныя сродкi. Менавiта пасля зваротаў грамадзян, напрыклад, выкананы капiтальны рамонт дома па праспекце Касманаўтаў у Гомелi, работы па газiфiкацыi 9 жылых дамоў у населеным пункце Рассвет Добрушскага раёна, прыняты меры па лiквiдацыi вiльготнасцi ў некаторых кватэрах у абласным цэнтры i гэтак далей...

— I ўсё ж, якiя тэмы ў зваротах самыя "папулярныя"?

— Як звычайна, праблемы жыллёва-камунальныя. Людзi больш за ўсё сутыкаюцца з iмi ў штодзённым жыццi. Медыцынская тэматыка таксама актуальная. Нягледзячы на тое, што ў нас невялiкая колькасць скаргаў па гандлi, сказаць, што ў гэтай галiне ўсё добра, таксама нельга. Проста людзi больш звяртаюць увагу на адно, менш — на iншае. Казаць, што ўлада павiнна паставiць на кожным працоўным месцы кантралёра — гэта таксама няправiльна. Але калi сапраўды iснуе праблема, яе трэба iмкнуцца вырашаць на першасным узроўнi.

Газета "Звязда"
Просмотров: 998 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024