Четверг, 02.05.2024, 08:30
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Март 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Март » 25 » Датацыi не прадугледжаны
Датацыi не прадугледжаны
14:35

...З надвор’ем, мякка кажучы, не пашанцавала, таму наша знаёмства з Заслаўскiм добраўпарадкаваннем пачалося з мясцовых фотаздымкаў, зробленых па вынiках конкурсу-агляду сярод аб’ектаў сацыяльна-культурнага i вытворчага прызначэння, якi праводзiцца ў горадзе не адзiн дзясятак гадоў. Асаблiва ўразiлi адмысловыя фантаны Заслаўскага цэха насосных станцый, якiя вiдавочна ўпрыгожылi гарадскiя ландшафты.

Штогод Заслаўе наведвае каля 30 тысяч турыстаў. Тут сапраўды ёсць што паглядзець: варта ўзгадаць гiсторыка-культурны музей-запаведнiк "Заслаўе", этнаграфiчны комплекс "Млын" з сапраўднай кузняй i "Хатай завознiкаў", Музей-дот, адзiны ў краiне Музей мiфалогii лесу, гарадзiшча "Замэчак", дзе захавалiся старадаўнiя абарончыя валы, шматлiкiя помнiкi гiсторыi i архiтэктуры. Горад з’яўляецца сапраўднай турыстычнай мекай i таму шмат увагi надае свайму знешняму выгляду. Асаблiвую актуальнасць пытанне добраўпарадкаванне набыло сёлета: па-першае, 2009 год абвешчаны ў краiне Годам роднай зямлi, па-другое, горад пачынае рыхтавацца да свайго 1025-годдзя, якое адзначыць у 2010-м.

Нам хочацца, каб 2009 год, якi папярэднiчае юбiлею Заслаўя, стаў для нас знакавым у плане добраўпарадкавання, — патлумачыла старшыня Заслаўскага гарадскога Савета дэпутатаў Нiна Бухавец. — Мы папрасiлi ўсiх кiраўнiкоў гарадскiх прадпрыемстваў i арганiзацый узяць самы актыўны ўдзел у сёлетнiм конкурсе-аглядзе. Летась адгукнулiся толькi ўстановы адукацыi i некалькi вытворчых прадпрыемстваў. Не даслала заяўку нават служба ЖКГ, якая непасрэдна займаецца добраўпарадкаваннем горада. Паралельна з конкурсам сярод арганiзацый у нас заўсёды праводзiцца конкурс-агляд на вызначэнне дома ўзорнага ўтрымання.

Шматпавярховыя дамы ў конкурсе не ўдзельнiчалi, хаця пэўныя станоўчыя напрацоўкi ёсць i тут. Напрыклад, за сродкi жыхароў у горадзе адрамантаваны 31 пад’езд. Такi фiнансавы ўдзел у рамонтных работах спрыяе павышэнню агульнай культуры i выхаванасцi людзей, лiчыць Нiна Пятроўна, ашчаднаму стаўленню да жылога фонду. Сёння ў горадзе дзейнiчае 13 вулiчных i 17 дамавых камiтэтаў, якiя таксама актыўна дапамагаюць вырашаць пытаннi добраўпарадкавання. Днямi на пасяджэннi гарвыканкама была зацверджана адпаведная гадавая праграма па навядзеннi парадку. Акрамя мерапрыемстваў ЖКГ, у ёй прапiсаны пералiк работ, выкананне якiх ускладзена на мясцовыя ўстановы i арганiзацыi. "За кожным прадпрыемствам замацавана пэўная тэрыторыя, якую яно абавязана даглядаць. Акрамя падтрымання парадку, мы патрабуем азелянення, наяўнасцi кветкавых кампазiцый, клумбаў, — расказвае старшыня гарсавета.— Усе прыпыначныя пункты, дзе знаходзяцца кiёскi прадпрымальнiкаў, крамы прыватнага гандлю павiнны быць пафарбаванымi i ўпарадкаванымi".

...Бюджэт Заслаўя на 2008 год планаваўся ў памеры 356,9 млн рублёў. Дзякуючы актыўнаму выкарыстанню пералiчаных ва Указе № 21 крынiц даходаў, горад летась самастойна зарабiў 917,9 млн рублёў. Крынiцамi папаўнення з’яўлялiся зямельны падатак, падатак на нерухомасць, дзяржпошлiна, даходы ад здачы ў арэнду памяшканняў, арэнда зямельных участкаў, а таксама даходы ад аўкцыёнаў. "Пад будаўнiцтва жылля летась мы прадалi з аўкцыёну 8 зямельных участкаў, атрымалi 393 млн рублёў", — кажа старшыня гарсавета. Усяго ў 2008 годзе аўкцыёны прынеслi ў казну горада 517,5 млн рублёў, у тым лiку 82,5 млн — ад аўкцыёну, праведзенага ў канцы 2007 года.

Паколькi ў Заслаўi iснуе жыллёва-камунальная служба, якая фiнансуецца з бюджэту раёна i мае асобны артыкул расходаў "на добраўпарадкаванне горада", у самiм гарадскiм бюджэце такога расходнага артыкула не прадугледжана. З улiкам гэтага грошы, якiя былi атрыманы ад аўкцыёнаў, дэпутаты гарсавета вырашылi скiраваць на закупку i ўстаноўку новых агароджаў на цэнтральных вулiцах горада — Вялiкай, Пуцейцы i Савецкай. (Спачатку гарвыканкам прапанаваў мясцовым жыхарам самiм паўдзельнiчаць у аплаце работ па замене агароджы, але падтрымкi не знайшоў.)

Частку "аўкцыённых" сродкаў гарадскi Савет дэпутатаў накiраваў на закупку дзвюх сучасных дзiцячых гульнявых пляцовак. Адну мяркуецца ўстанавiць у першым мiкрараёне, другую — у раёне iндывiдуальнай забудовы "Гуры". Частка сродкаў пайшла на выраб чатырох поўнакаляровых iнфармацыйных шчытоў з планам горада, якiя паставiлi на галоўных уездах у Заслаўе.

У найблiжэйшых планах мясцовых уладаў — правядзенне чарговага аўкцыёну, дзе мяркуецца выставiць на продаж яшчэ 7 зямельных участкаў. Стартавая цана большасцi з iх па мерках Мiнскага раёна даволi сцiплая — ад 3 да 12 млн рублёў. Сума прыбытку гарсавета ў кожным канкрэтным выпадку залежыць ад попыту i фiнансавых магчымасцяў удзельнiкаў аўкцыёну. Рэкордам для Заслаўя стаў продаж аднаго зямельнага ўчастка за 90 млн рублёў (пры стартавай цане ў 22 млн).

Памер бюджэту Заслаўя на гэты год складае 447,1 млн рублёў. Датацыi сёлета ў iм не прадугледжаны.

...У 2008 годзе жыллёва-камунальнай службе Заслаўя на добраўпарадкаванне горада было выдаткавана 600 млн рублёў. Значная частка гэтых грошай была выдаткавана на рамонт праезнай часткi вулiц. Усяго за мiнулы год было выканана работ па паляпшэннi дарог на суму 1,3 млрд рублёў. "Лiчба салiдная, аднак недастатковая, — тлумачыць Нiна Пятроўна. — У нашых камунальных службаў ёсць праект добраўпарадкавання вулiцы Тэльмана, на рэалiзацыю якога патрэбна 520 млн рублёў. І гэта на адну толькi вулiцу!"

Асаблiвую заклапочанасць у старшынi выклiкае адсутнасць у Заслаўi свайго ўчастка ДАI. "У нас ёсць цэнтральныя вулiцы, дзе забаронены праезд вялiкагрузнага транспарту. Аднак фуры там ходзяць рэгулярна. I разбiваюць нашы дарогi. "Дзякуючы" iм, вулiца Вялiкая пасля рамонту пратрымалася толькi 3 гады".

Работы па добраўпарадкаваннi горада часам тармозяцца з-за адсутнасцi ў ЖКГ неабходнай тэхнiкi. Напрыклад, для таго, каб правесцi аператыўны ямачны рамонт цэнтральных вулiц, камунальнiкам даводзiцца пазычаць тэхнiку ў дарожнiкаў. Нават той тэхнiкi, што ёсць у наяўнасцi, сёння не хапае — у мiнулым годзе на баланс гарадскiх камунальнiкаў былi перададзены iнжынерныя сеткi васьмi суседнiх сельсаветаў, i частка машын ЖКГ цяпер занятая на работах у вёсках.


У горадзе ёсць раёны iндывiдуальнай забудовы, дзе вулiцы ўвогуле не здадзены на абслугоўванне ЖКГ, бо там яшчэ адсутнiчаюць iнжынерныя сеткi. Людзi даўно пабудавалi катэджы i хочуць мець нармальную пад’язную дарогу. Але на ўсё гэта патрэбны значныя фiнансавыя сродкi.

Асобнай размовы заслугоўвае раён iндывiдуальнай забудовы Хмелеўка. Заслаўю ён быў перададзены 1 сакавiка 2007 года рашэннем сесii Мiнскага абласнога Савета. "У Хмелеўцы ўвогуле няма добраўпарадкаваных дарог i нармальных iнжынерных камунiкацый (не на ўсiх вулiцах ёсць водаправод, газ, электрычнасць), нiякай адпаведнай дакументацыi на гэтыя сеткi камунальнiкам i Заслаўскаму РЭСу да гэтага часу нiхто так i не перадаў, — апiсвае сiтуацыю Нiна Пятроўна. — У свой час у Хмелеўцы ўчасткi для будаўнiцтва жылля выдзялялi Мiнскi гарвыканкам, Мiнскi райвыканкам i Пятрышкаўскi сельвыканкам. А цяпер усе землi перадалi нашаму гораду. Па нашым хадайнiцтве УКБ Мiнскага райвыканкама распрацавала праектна-каштарыскую дакументацыю на электразабеспячэнне адной часткi раёна Хмелеўка (сёння гэты праект ужо рэалiзуецца). Магчыма, пазней з’явiцца i праект другой часткi раёна. Нявырашанай праблемай застаецца падвядзенне каналiзацыi Хмелеўкi да агульназаслаўскай сеткi. Пэўныя работы некалi былi распачаты, але потым цалкам спынiлiся".

Акрамя галаўнога болю (у першую чаргу па пытаннях добраўпарадкавання), Хмелеўка прынесла гораду i значную карысць: 65 зямельных участкаў былi перададзены жыхарам горада для паляпшэння жыллёвых умоў. Свабодныя ўчасткi былi выстаўлены на аўкцыёны i прынеслi ў казну салiдны прыбытак.

— На тэрыторыi Хмелеўкi пакуль няма аб’ектаў сацыяльнай сферы, — працягвае Нiна Бухавец. — Праз аўкцыён мы перадалi ўчастак у арэнду для будаўнiцтва крамы. Ужо вядуцца праектныя работы. З абласнога дарожнага фонду былi выдаткаваны грошы на асфальтаванне дарогi, каб туды мог заходзiць гарадскi аўтобус. Работы яшчэ да канца не даведзены (няма нармальнага прыпыначнага пункту, трэба дарабiць тратуар). Аднак, думаю, у гэтым годзе ў раён iндывiдуальнай забудовы "Хмелеўка" пачне хадзiць аўтобус.

Адкрытым застаецца пытанне будаўнiцтва ў Заслаўi станцыi абезжалезвання вады. У праграму "Чыстая вада" горад не ўвайшоў, хаця ўзровень утрымання жалеза тут значна перавышае дапушчальную норму. Зараз ЖКГ рыхтуе абгрунтаванне для ўключэння горада ў новую абласную профiльную праграму.

У межах праграмы развiцця малых i сярэднiх гарадоў у Заслаўi рэалiзуецца некалькi iнвестыцыйных праектаў, самы значны з якiх — рэканструкцыя грабнога канала Рэспублiканскага цэнтра алiмпiйскай падрыхтоўкi па водных вiдах спорту. Там прадугледжана зона адпачынку, басейны, летнi амфiтэатр, гасцiнiцы. Гэта будзе ўнiкальны аб’ект, якi павiнен прыцягнуць у Заслаўе яшчэ больш турыстаў.

— Пра добраўпарадкаванне можна гаварыць доўга, — падвяла вынiкi нашай размовы Нiна Пятроўна. — Можна бясконца крытыкаваць работу камунальных i iншых службаў, якiя адказваюць за знешнi выгляд нашага горада. Аднак мне б хацела падкрэслiць, што чысцiня вакол нас залежыць ад нас самiх. Зрабiць горад добраўпарадкаваным i прыгожым мы зможам толькi пры актыўнай падтрымцы нашых гараджан. Надышоў час адмовiцца ад пазiцыi пасiўных назiральнiкаў.


Газета "Звязда"
Просмотров: 1021 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024