Понедельник, 29.04.2024, 18:07
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Май 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Май » 14 » Патрабуйце! Але ў межах закона
Патрабуйце! Але ў межах закона
14:09

 На чым сёння павiнна акцэнтавацца ўвага кiраўнiкоў першаснага звяна ўлады? З гэтага пытання пачаў сустрэчу са старшынямi сельскiх i пасялковых Саветаў дэпутатаў адказны сакратар Савета па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання пры Савеце Рэспублiкi Аляксей Сцепаненка.

Сёння, паведамiў ён, ва ўсiх абласцях рэспублiкi працуюць камiсii, якiя правяраюць стан спраў у сiстэме сельскiх Саветаў — на прадмет таго, цi ўдалося за апошнiя гады павысiць iх ролю i аўтарытэт у вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння людзей. Галоўная мэта дзейнасцi камiсiй — не столькi кагосьцi пакрытыкаваць цi пакараць, колькi паглядзець, што ж насамрэч адбываецца на месцах, прасачыць за дынамiкай, вызначыць, што i ў якi бок змянiлася ў рабоце мясцовай улады першаснага ўзроўню, вылучыць тыя праблемы, якiя тармозяць працэс развiцця.

— На сваёй тэрыторыi вы павiнны дамагацца выканання ўсiх заканадаўчых актаў. Але за аснову неабходна ўзяць 4 нарматыўныя дакументы, — сказаў, звяртаючыся да прысутных, Аляксей Сцепаненка.

Першы з iх — гэта Пратакол даручэнняў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, якi стаў вынiкам нарады ад 18 мая 2006 года, прысвечанай павышэнню ролi органаў улады першаснага ўзроўню ў вырашэннi праблем жыццезабеспячэння насельнiцтва. Зыходзячы з гэтага дакумента, галоўная мэта мясцовых уладных структур — забеспячэнне годнага ўзроўню жыццядзейнасцi праз узмацненне работы з людзьмi.

— Вы знаходзiцеся на "пярэднiм краi" i з'яўляецеся, калi выказвацца вобразна, буферам дзяржавы, якому заўсёды выпадае трымаць першы ўдар. А значыць, павiнны адчуваць усе праблемы i "ўзбройваць" iмi iншых, у тым лiку i Савет па ўзаемадзеяннi. Таму што ад вырашэння гэтых праблем залежыць настрой людзей i iх стаўленне да ўлады.

Не менш важны момант — выкананне на падуладнай тэрыторыi ўсiх нарматыўных заканадаўчых актаў, якiя толькi iснуюць. Нарматыўная база ахоплiвае сёння практычна ўсе бакi жыцця. Проста яе трэба ведаць, ёю трэба цiкавiцца i не баяцца прымяняць на практыцы.

— Не бойцеся адстойваць сваё меркаванне, калi яно падмацаванае наяўнымi законамi. Час ужо памяняўся, надвор'е iншае. Дамагайцеся, каб i гаспадарчыя суб'екты, i ўсе, хто мае дачыненне да вырашэння праблем людзей на вашай тэрыторыi, выконвалi ўсё, што павiнны. Калi ж не выконваюць — адказваць за гэта будзеце вы. Бо палiтыка дзяржавы сёння накiравана на тое, каб "цэнтр цяжару" ў вырашэннi праблем жыццезабеспячэння паступова перанесцi на нiзавы ўзровень.

Другi дакумент, якiм, паводле слоў сакратара Савета па ўзаемадзеяннi, павiнны кiравацца ў сваёй штодзённай працы сельскiя i пасялковыя Саветы дэпутатаў, — Дырэктыва Прэзiдэнта № 2 "Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыi дзяржаўнага апарату".

— Пiльная ўвага да работы Саветаў дэпутатаў першаснага ўзроўню тлумачыцца i тым, што замест дэбюракратызацыi там з'явiлася суцэльная... бюракратызацыя. І ў першую чаргу яна характэрная для тых сельвыканкамаў, чые кiраўнiкi, пакорлiва схiлiўшы галаву, выконваюць усе распараджэннi, якiя дасылаюць iм раённыя службы i структуры. Кожны павiнен рабiць сваю справу, а не перакладваць яе на вашы плечы. Калi вы ўважлiва прачытаеце Дырэктыву № 2, то знойдзеце там адказы на гэтыя пытаннi. У любым выпадку, трэба даваць адпор тым службам, якiя навязваюць вам свае абавязкi, патрабуюць справаздачы. Тым больш, што сёння ў сельвыканкамах працуюць у сярэднiм па 2—3 чалавекi, а не па 7—8 цi нават 10, як некалi. Калi нейкiя звесткi праходзяць праз тэрытарыяльныя органы статыстыкi, iх не мае права запытваць нi адна служба. А мы ўжо дайшлi да таго, што раённы санiтарны ўрач выдае старшынi сельскага Савета распараджэнне аб хлараваннi калодзежаў, а начальнiк ДАI патрабуе звесткi аб колькасцi святлоадбiвальнiкаў...

На думку Аляксея Сцепаненкi, ва ўзнiкненнi такой сiтуацыi вiнаватыя i самi кiраўнiкi першаснага ўзроўню ўлады — менавiта яны прапускаюць падобныя "iнiцыятывы" праз рашэнне сельвыканкама, часам нават у рабочым парадку, без абмеркавання.

Наступны "настольны дакумент" для сельскага Савета — Указ Прэзiдэнта краiны № 21 "Аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва".

— Вы не можаце сёння сказаць, што ўказ не працуе. Наадварот — яго рэалiзацыя iдзе нават больш хуткiмi тэмпамi, чым чакалася. Матэрыяльную базу сельскiх Саветаў умацавалi, зарплату кiраўнiкам першаснага звяна ўлады паднялi, прававыя асновы для вашай работы стварылi... Вы вось часам крыўдзiцеся, што ва ўказе закранута "не ўсё". Але "ўсё" за адзiн раз зрабiць нельга, гэта прыходзiць у працэсе, паступова. Затое нарэшце зроблена галоўнае — вызначаны даходныя крынiцы i расходныя паўнамоцтвы вашых бюджэтаў. Вы, магчыма, будзеце са мной спрачацца: маўляў, бюджэт стаў горшы. Безумоўна, за год-два яго не павялiчыш, але вам дадзена магчымасць стварыць падатковую базу.

Яшчэ адным дакументам, якiм павiнны кiравацца ў сваёй штодзённай дзейнасцi старшынi сельскiх i пасялковых Саветаў, з'яўляецца Пратакол пасяджэння калегii Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта ад 27 снежня 2007 года "Аб рабоце абласных выканаўчых камiтэтаў па выкананнi даручэнняў кiраўнiка дзяржавы аб павышэннi ролi органаў мясцовага кiравання i самакiравання пярвiчнага ўзроўню ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва".

— Сёння наша галоўная мэта — максiмальна разгрузiць Саветы ад неўласцiвых iм функцый, пазбавiць iх ад адказнасцi за вырашэнне гаспадарчых пытанняў, — падкрэслiў Аляксей Сцепаненка. — Хаця цалкам ад гэтых праблем яны ўсё адно не адыдуць.

Спачатку — яшчэ ў 2003—2004 гадах — з балансаў сельскiх Саветаў "знялi" клубы, ФАПы, дзiцячыя садкi. Далей — цеплавыя сеткi, водазабеспячэнне, водаадвядзенне i г.д. Той, хто быў больш кемлiвы, хутчэй перадаў iх на баланс ЖКГ. Сёння перадаваць стала больш праблематычна...

Асаблiва вялiкая праблема з перадачай на баланс дарог — не транзiтных, а ўнутрыгаспадарчых, унутрыпасялковых. Некалькi разоў гэта пытанне разглядалася на пасяджэннях Савета па ўзаемадзеяннi, быў праведзены "круглы стол" з удзелам усiх зацiкаўленых мiнiстэрстваў, ведамстваў i службаў. У вынiку 3 снежня 2007 г. з'явiлася Пастанова Савета Мiнiстраў "Аб некаторых пытаннях будаўнiцтва, рэканструкцыi, эксплуатацыi, утрымання i рамонту вулiц населеных пунктаў", у адпаведнасцi з якiм "адказным" за вулiцы было прызначана Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi.

— Разам з тым мне часта даводзiцца ад вас чуць: маўляў, да цяперашняга часу вулiцы населеных пунктаў нiхто так i не прыняў. I гэта — праўда, якая сведчыць аб адсутнасцi цвёрдай пазiцыi па дадзеным пытаннi ў некаторых губернатараў. Але лiтаральна ў апошнiя тыднi рашэнне аб перадачы вулiц на баланс спецыялiзаваных арганiзацый нарэшце прынялi Гомель, Гродна, Мiнск i Брэст. Як бачыце, працэс быццам бы пайшоў. Праўда, я не лунаю ў аблоках з гэтай нагоды. Адна рэч — прыняць на баланс. Iншая — знайсцi пад гэта грошы... У любым выпадку, вырашэнне праблемы ўскладзена на Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi.


Таксама павiнны быць перададзены на баланс камунальных службаў грамадскiя калодзежы — гэта, дарэчы, трэба было зрабiць яшчэ да 1 студзеня, згодна з адпаведным лiстом мiнiстра жыллёва-камунальнай гаспадаркi.

— Калi ў вас такая работа сёння не праводзiцца, вiнаватыя вы самi, — сказаў Аляксей Сцепаненка.

Што датычыцца грамадскiх могiлак, то яшчэ ў лiстападзе 2001 года быў прыняты закон аб пахаваннi, дзе запiсана: утрыманне месцаў пахавання ажыццяўляецца спецыялiзаванай арганiзацыяй за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.

— Iнакш кажучы, вы маеце поўнае права патрабаваць ад раённых уладаў, каб у ваш бюджэт закладвалiся грошы менавiта пад гэта. Мiж тым, многiя з вас нават не падумалi выкарыстаць дадзеную законам магчымасць i па звычцы наводзяць парадак на могiлках за кошт сродкаў, выдзеленых на добраўпарадкаванне. А значыць, зноў шукаюць нейкiя "абыходныя шляхi"... Пры наяўнасцi ж канкрэтных грошай вы зможаце (i павiнны!) заключаць дагавор са спецыялiзаванай камунальнай арганiзацыяй на абслугоўванне могiлак. Прасiце пад гэта грошы!

Закранаючы тэму фармiравання бюджэту першаснага ўзроўню, Аляксей Сцепаненка адзначыў, што з 1 студзеня наступнага года адмяняецца залічэнне падатка з продажу, якi раней з'яўляўся адной з найбольш адчувальных крынiц папаўнення сельсавецкага "кашалька".

— На маю думку, сёння неабходна ўсё ж даць раённым Саветам права пакiдаць у першасных бюджэтах частку падаходнага падатку як рэгулюючага. А з цягам часу можна будзе падумаць i пра тое, каб накiроўваць падаходны падатак на развiццё менавiта той тэрыторыi, дзе грамадзянiн пражывае i дзе, адпаведна, ён карыстаецца ўсiмi сацыяльнымi паслугамi. Думаю, мы да гэтага абавязкова прыйдзем.

Будуць у сельсавета грошы — будуць вырашацца i праблемы. Гэта практычна можна лiчыць аксiёмай сённяшняга дня. Але наяўнасць грошай — толькi палова справы. Неабходна ведаць, як i на што iх патрацiць. Аляксей Сцепаненка парэкамендаваў прысутным больш уважлiва чытаць Указ Прэзiдэнта № 21.

— Там дакладна прапiсана, на якiя мэты вы маеце права выдаткаваць свае сродкi. Бо многiя з вас, атрымаўшы грошы, адразу кiдаюцца ставiць агароджы... Зразумела, патрэбна i гэта. Але калi мы пачнём узводзiць грамадзянам агароджы за бюджэтныя грошы, то вельмi хутка самiм "на жыццё" не хопiць. Вы павiнны ведаць лiтаральна па пунктах, на што неабходна патрацiцца, а не проста ездзiць у райвыканкам i прасiць там: "Дайце мне грошы!". Падлiчыце, якая сума можа спатрэбiцца вам у наступным годзе, i ў найблiжэйшы час падайце лiчбы ў райфiнаддзел. Гэта не азначае, што вам дадуць усё i адразу. Але ў любым выпадку там будуць ведаць канкрэтныя, аб'ектыўныя патрэбы канкрэтнага сельсавета. I, магчыма, перастануць выдзяляць вам грошы па прынцыпе "хто да начальства блiжэйшы", зыходзячы з суб'ектыўных меркаванняў.

Сакратар Савета па ўзаемадзеяннi падкрэслiў, што сёння неабходна ўзнiмаць якасць жыцця ў вёсках i пасёлках.

— А мы агароджы пафарбавалi, асфальт паклалi — i рады, i рапартуем, i прымаем рашэнне аб узвядзеннi новага аграгарадка... Трэба iсцi далей, думаць пра якасць вады, паветра, медыцынскага абслугоўвання... Мне ў адной школе паказалi сшытак, дзе робяцца адзнакi аб правядзеннi праверкi стану здароўя дзяцей, ставяцца, так бы мовiць, "птушачкi". Навошта i дзеля чаго? Каго мы такiм чынам падманваем, як не самiх сябе? Цi нехта ўпэўнены, што медсястра ФАПа можа правесцi квалiфiкаваны агляд?.. Вось пра гэта вам таксама трэба думаць. Дзеля гэтага мы i iмкнёмся вызвалiць вас ад гаспадарчых праблем. Працэс "вызвалення" зойме не адзiн дзень i нават не адзiн год, але галоўнае, ён пачаўся.

Цяпер наша агульная задача — прымусiць службы i ведамствы працаваць у вашых iнтарэсах разам з вамi на вашай тэрыторыi для забеспячэння патрэбаў вашых грамадзян.

Газета "Звязда"



Просмотров: 596 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024