Воскресенье, 28.04.2024, 06:34
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Июнь 2009  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2009 » Июнь » 2 » Хто не дае спакою ЖЭСам?
Хто не дае спакою ЖЭСам?
13:42
Камiтэты тэрытарыяльнагаграмадскага самакiравання

Ва ўсялякiм разе так сцвярджаюць работнiкi ЖЭСаў i ЖРЭУ Фрунзенскага раёна горада Мiнска, на чыёй тэрыторыi дзейнiчае 11 згаданых камiтэтаў. Аднак камунальнiкi тут жа дадаюць, што, дзякуючы КТГСам iм значна прасцей весцi работу з насельнiцтвам i што ад такога супрацоўнiцтва ў выйгрышы застаюцца i жыльцы, i самi камунальныя службы.

Днямi ў сталiцы на базе Фрунзенскага раёна прайшоў семiнар для старшыняў КТГСаў, прадстаўнiкоў ЖЭСаў i адмiнiстрацый раёнаў, арганiзаваны Мiнскiм гарадскiм Саветам дэпутатаў, дзе "фрунзенцы" падзялiлiся вопытам па стварэннi вышэйзгаданых органаў грамадскага самакiравання. Удзельнiкi семiнара наведалi КТГС № 103, дзе на практыцы пазнаёмiлiся са спецыфiкай яго дзейнасцi.

У склад камiтэта ўваходзiць 11 чалавек, на яго тэрыторыi размяшчаецца 47 шматкватэрных дамоў, дзе пражывае больш за 22 тысячы чалавек. Старшыня камiтэта — палкоўнiк у адстаўцы, воiн-iнтэрнацыяналiст Вячаслаў Іванавiч Банны — не адзiн год актыўна займаецца ваенна-патрыятычным выхаваннем дзяцей i падлеткаў. Сумесна са школай ён праводзiць "урокi мужнасцi", прыём у пiянеры, у члены БРСМ, бярэ ўдзел у рабоце савета па прафiлактыцы правапарушэнняў сярод няпоўнагадовых. Па ацэнцы настаўнiкаў i дырэкцыi, ваенна-патрыятычнае выхаванне дае пэўныя станоўчыя вынiкi.

Як i ўсе астатнiя КТГСы Фрунзенскага раёна, КТГС № 103 арганiзаваны на базе ЖЭСа. Гэта абумоўлена тым, што больш за ўсё пытанняў у жыльцоў узнiкае, як правiла, менавiта па сiстэме ЖКГ, i такое суседства дазваляе членам КТГСа трымаць самы цесны кантакт з камунальнымi службамi.

— Для нас КТГСы — гэта знаходка, — прызнаўся ўдзельнiкам семiнара намеснiк дырэктара ЖРЭУ № 2 Фрунзенскага раёна Андрэй Аляксееў. — Сумесна з КТГСамi мы працуем з насельнiцтвам па ўсталяваннi прыбораў улiку. Члены камiтэтаў пакватэрна абыходзяць жыльцоў, збiраюць сходы, агiтуюць насельнiцтва. Яны дапамагаюць нам весцi iнфармацыйную работу па раздзельным зборы смецця, работу са злоснымi неплацельшчыкамi. I вынiк iх канкрэтнай працы вiдавочны. Праблемы, безумоўна, узнiкаюць, аднак усе пытаннi вырашаюцца ў нармальным працоўным парадку. Такiх момантаў, калi ў старшынi КТГСа з'явiлася б падстава для звароту ў вышэйшую арганiзацыю (маўляў, мы не стварылi ўмоў для работы, цi перашкаджаем працаваць) — не ўзнiкае. КТГСы — нашы вочы i нашы вушы. Яны — нашы дарадцы i, бясспрэчна, нашы крытыкi. КТГСы не даюць нам спакойна спаць. А мы ў сваю чаргу таксама iмкнёмся нагружаць iх работай. Увогуле мы вельмi задаволены тым, што ў нас сёння ёсць такiя структуры.

Сiстэма мясцовага самакiравання ў Мiнску бярэ свой пачатак з 1499 года, калi горад атрымаў Магдэбургскае права. З тых часоў самакiраванне ў Мiнску развiвалася i ўдасканальвалася. Сёння тэрыторыя горада складае 96 квадратных кiламетраў. Тут пражывае 1 млн 832 тысячы чалавек. Плошча сталiцы падзелена на 9 раёнаў i Фрунзенскi — адзiн з найбуйнейшых. Паводле слоў старшынi Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў Мiхаiла Матусевiча, кiраваць такой вялiкай тэрыторыяй вельмi няпроста. У сiстэме ЖКГ горада працуе 15,5 тысячы чалавек. Больш за 3 тысячы — у службе водаканала. Амаль 4 тысячы чалавек займаецца пытаннямi добраўпарадкавання дарог, вулiц, сквераў, тратуараў. У Мiнску яшчэ дастаткова праблем, з якiмi пакуль не атрымлiваецца справiцца так, як хацелася б гарадскiм уладам. Напрыклад, досыць складаным застаецца крымiнагеннае становiшча. Няпростая i дэмаграфiчная сiтуацыя, хоць, як адзначыў старшыня гарсавета, апошнiм часам яна пачала выпраўляцца (пачынаючы з 2006 года, нараджальнасць у сталiцы перавышае смяротнасць).

Памер гарадскога бюджэту на гэты год складае 5,8 трлн рублёў.

— Гэта сур'ёзныя грошы, — падкрэслiў Мiхаiл Васiльевiч, — i наша задача — расходаваць iх максiмальна эфектыўна. Для таго, каб азначаныя грошы эфектыўна працавалi на патрэбы насельнiцтва раёнаў, мiкрараёнаў, дваровых тэрыторый, нам хацелася б, каб актыўна дапамагалi ў гэтым i органы грамадскага самакiравання.

Дынамічнае развiццё мясцовага самакiравання пачалося ў сталiцы ў пачатку 90-х гадоў, тады i была ўтворана большасць iсных КТГСаў. Сёння iх засталося 36. Яны ёсць далёка не ва ўсiх раёнах, а найбольш паспяхова дзейнiчаюць у Фрунзенскiм. Паводле слоў старшынi гарсавета, у Законе "Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi" прапiсаны правы, абавязкi, задачы камiтэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання. Цяпер вядзецца работа па падрыхтоўцы новага праекта закона, дзе прадугледжваецца пашырэнне правоў i паўнамоцтваў гэтых камiтэтаў. На жаль, людзi, якiя сёння працуюць у КТГСах, не атрымлiваюць нiякай заработнай платы (у законе гэта пакуль не прапiсана). Але сталiчныя ўлады знайшлi магчымасць заахвоцiць лепшых з дапамогай гарадскога конкурсу-агляду, якi праводзiцца кожны год. Палажэнне аб правядзеннi прадугледжвае 6 прызавых месцаў (адно першае, два другiх i тры трэцiя). За першае месца прысуджаецца 5 млн рублёў, за другое — 3 млн, за трэцяе — 2 млн. Палова атрыманай сумы можа быць зрасходавана КТГСам на заахвочванне найбольш актыўных жыхароў мiкрараёна i работнiкаў камiтэта.

— Работа КТГСаў вельмi важная i вельмi патрэбная, — лiчыць Мiхаiл Матусевiч. — I для ЖЭСаў, i для адмiнiстрацыi раёна, i для горада ў цэлым. Старшынi камiтэтаў, як нiхто iншы, ведаюць праблемы жыхароў свайго мiкрараёна, вулiцы, дома i могуць своечасова ўнесцi свае прапановы, падказаць кiраўнiцтву ЖЭСа, ЖРЭУ, адмiнiстрацыi раёна, як найлепш гэтыя праблемы вырашыць.

Асаблiвую ўвагу Мiхаiл Васiльевiч папрасiў звяртаць на сем'i, дзе дзецi знаходзяцца ў сацыяльна неабароненым становiшчы. Толькi за першы квартал гэтага года дзяржаўныя органы сталiцы вымушаны былi адабраць 191 дзiця, якое цяпер знаходзiцца ў спецыяльных установах.
 

— На жаль, колькасць такiх няўдалых сем'яў не памяншаецца, i наша просьба да вас — працаваць з такiмi людзьмi, падказваць, у якiх умовах жывуць дзецi вашага мiкрараёна, каб мы мелi магчымасць своечасова дзецям дапамагчы.

Яшчэ адна катэгорыя людзей, якiя заўсёды павiнны быць пад наглядам членаў КТГСаў, — адзiнокiя i якiя адзiнока пражываюць. У Мiнску такiх сёння каля 50 тысяч, i разлiчваць яны могуць толькi на дапамогу дзяржавы. Паводле слоў старшынi гарсавета, у Мiнску распрацавана адпаведная праграма, скiраваная на аказанне дапамогi гэтай катэгорыi. Iнфармацыя аб такiх людзях вельмi патрэбна ў адмiнiстрацыях раёна.

Таму менавiта ў Фрунзенскiм раёне так актыўна развiваюцца КТГСы? У намеснiка начальнiка адмiнiстрацыi раёна Георгiя Козела ёсць сваё меркаванне на гэты конт. Першая прычына, на яго думку, хаваецца ў самiм памеры раёна (тут пражывае каля 400 тысяч чалавек). Раён працягвае iнтэнсiўна забудоўвацца (на яго долю прыходзiцца каля 40 працэнтаў усяго ўводзiмага ў сталiцы жылля). Сярэднi ўзрост жыхароў раёна — 34,5 года.

— Для абслугоўвання такой колькасцi жыхароў, штату раённай адмiнiстрацыi i ЖЭСаў яўна не хапае. Сёння мы часткова вырашаем праблему перагружанасцi штатных работнiкаў за кошт памочнiкаў на месцах — камiтэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, — сказаў Георгiй Козел.

— Другi момант, якi паўплываў на актыўнае развiццё сiстэмы мясцовага самакiравання ў раёне, — сур'ёзнае дэпутацкае лобi (Фрунзенскi раён выбiрае 4 дэпутатаў парламента i 10 дэпутатаў Мiнгарсавета). Трэцi фактар — зацiкаўленасць самой мясцовай адмiнiстрацыi ў паспяховым функцыянаваннi iнстытута КТГС, паколькi КТГСы дапамагаюць аператыўна "здымаць" шматлiкiя пытаннi.

Але КТГСы — гэта не структурныя падраздзяленнi адмiнiстрацыi цi ЖЭСа, iх нельга заганяць у рамкi. КТГСы — сiстэма грамадскага кантролю. "Асноўная iнiцыятыва па арганiзацыi КТГСаў павiнна заставацца за дэпутацкiм корпусам, — перакананы Георгiй Козел. — А мы, як мясцовая ўлада, падтрымаем iнiцыятыўных людзей, якiя iмкнуцца развiваць канкрэтную тэрыторыю, добраўпарадкоўваць яе, вырашаць усе праблемы цывiлiзаваным шляхам. Мы ставiм перад сабой мэту, каб КТГСы дапамагалi нам фармiраваць сацыяльны заказ на развiццё тэрыторыi. Менавiта з гэтай прычыны ў склад усiх камiсiй (i раённых, i ЖРЭУ) у абавязковым парадку мы ўводзiм прадстаўнiкоў КТГСаў".

Георгiй Уладзiмiравiч пералiчыў найбольш важныя моманты, на якiя варта звяртаць увагу членам камiтэтаў грамадскага самакiравання. Напрыклад, цяпер востра стаiць пытанне распiцця алкагольных напояў на дваровай тэрыторыi. Для Фрунзенскага раёна, якi з'яўляецца "спальным", гэта вельмi балючая тэма. Iнфармацыя, якую даюць КТГСы, дазваляе скаардынаваць маршруты патрульных службаў у вячэрнi час. Другi момант — работа з адзiнокiмi старымi. Асаблiвую заклапочанасць выклiкае той факт, што апошнiм часам зноў актывiзавалiся "чорныя" рыэлтары, таму супрацоўнiкам тэрытарыяльных камiтэтаў трэба праяўляць пiльнасць.

— Адмiнiстрацыя раёна i кiраўнiкi ўсiх службаў штомесяц праводзяць сустрэчы з насельнiцтвам па месцы жыхарства. Дзякуючы таму, што КТГСы загадзя агучваюць мясцовым уладам усе набалелыя праблемы, мы прыходзiм на такiя сустрэчы больш падрыхтаванымi. Гэта павышае станоўчы эфект ад такiх мерапрыемстваў. Талковы дырэктар ЖЭСа заўсёды будзе зацiкаўлены ў стварэннi на яго тэрыторыi КТГСа.

Як паказала практыка, не атрымлiваецца стварыць КТГСы ў мiкрараёнах новабудоўлi — людзi адзiн аднаго яшчэ не ведаюць, ды i патрэбы ў аб'яднаннi дзеля вырашэння агульных пытанняў напачатку не ўзнiкае. А вось у старых дамах заўсёды ёсць шэраг праблем — i з капiтальным рамонтам, i з добраўпарадкаваннем тэрыторыi. Там КТГСы актыўныя.

З 2007 па 2010 год колькасць насельнiцтва Фрунзенскага раёна павялiчылася на 10 тысяч, пры гэтым колькасць скаргаў няўхiльна скарачаецца. У многiм гэта заслуга КТГСаў, лiчыць Георгiй Козел.

Для стымулявання стварэння новых КТГСаў i актывiзацыi дзейнасцi iсных абавязкова трэба вырашаць пытанне па матэрыяльным стымуляваннi iх работнiкаў. Аднаго ўзнагароджання за перамогу ў конкурсе-аглядзе — недастаткова, адзначалi ўдзельнiкi сустрэчы. На iх думку, неабходна ўкараняць практыку рэгулярнага прэмiравання.

Не супраць гэтага i самi прадстаўнiкi КТГСаў, якiя бралi ўдзел у семiнары. Яны заўважылi, што камiтэтаў у Мiнску сёння 36, а ўзнагароджанне на конкурсе атрымлiваюць толькi 6. Кожнаму камiтэту неабходная нейкая сума, каб хоць бы мець магчымасць на працягу года праводзiць масавыя i святочныя мерапрыемствы.

Газета "Звязда"

Просмотров: 838 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024