Пятница, 26.04.2024, 06:36
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Ноябрь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2010 » Ноябрь » 29 » Сельскія Саветы плануецца давесці да розуму
Сельскія Саветы плануецца давесці да розуму
14:48

У межах Дзяржаўнай праграмы "Электронная Беларусь" у бліжэйшы час прадугледжана стварыць аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму (АІС) "Мясцовыя Саветы дэпутатаў". Ужо сёння праводзіцца ўкараненне названай сістэмы ў двух "пілотных" раёнах Магілёўскай вобласці і ў адным "пілотным" раёне кожнай з іншых абласцей. А да канца наступнага, 2011 года, ёю трэба будзе ахапіць усе без выключэння сельскія, пасялковыя, раённыя і абласныя Саветы.


Размова з адным з каардынатараў новага праекта, начальніка ўпраўлення інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Новікым.

— Аляксандр Сяргеевіч, для чаго спатрэбілася ствараць аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму "Мясцовыя Саветы дэпутатаў"? У чым яе перавага?


— Сёння штат пераважнай большасці сельвыканкамаў — гэта як правіла 2—3 чалавекі. Яны вырашаюць безліч пытанняў, працуюць з жыхарамі, выязджаюць на тэрыторыю... Разам з тым, іх "заядае" руцінная праца: напісанне даведак, справаздач, вядзенне ўліку... Усё гэта доўгі час рабілася ўручную. Але паступова на месцах зразумелі, што без аўтаматызацыі, без стварэння адпаведных камп'ютарных праграм не абысціся. І пачалі ствараць: кожны — сваё. У выніку атрымалася некалькі праектаў па розных рэгіёнах. Яны былі адасобленымі, недасканалымі, кожны складаўся з некалькіх падсістэм, не звязаных адна з адной...

Інакш кажучы, дзяржаўныя грошы ішлі на распрацоўку і ўкараненне таго, што па вялікім рахунку не мела сэнсу, бо працэс не быў уніфікаваны ў межах краіны. Даходзіла да таго, што нават у адным раёне сельсаветы працавалі па некалькіх праектах, і гэта вельмі ўскладняла збор інфармацыі на ўзроўні больш высокіх інстанцый — райсавета ці аблсавета. Далей так не магло працягвацца... На афіцыйным узроўні пытанне прагучала ўпершыню ў 2008 годзе, на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Трэба было прыйсці да нейкага рашэння...

Каб не вынаходзіць веласіпед, было разгледжана некалькі існуючых праектаў, і ў выніку выбраны лепшы — той, што прадставіў Вылічальны цэнтр галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці. Ён быў прыняты за аснову, і па ініцыятыве Савета Рэспублікі адпаведнае заданне ўключылі ў Дзяржаўную праграму "Электронная Беларусь".

— Брэсцкі праект потым дапрацоўваўся?


— Безумоўна. Да існуючых падсістэм далучылі яшчэ дзве: па ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама па ўліку зваротаў. Асобныя падсістэмы былі аб'яднаныя ў адзіную, інтэграваную. Акрамя гэтага, быў распрацаваны і размешчаны — на тэхнічнай базе дзяржаўнай установы "Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне"

Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта — рэспубліканскі інфармацыйна-аналітычны партал. Туды ў хуткім часе пачне сцякацца ўся інфармацыя па кожным сельсавеце. Прасцей кажучы, у кожнага з іх з'явіцца свая "ячэйка", куды ён "складзе" гэтую інфармацыю і далей будзе ўвесь час яе аднаўляць, актуалізаваць. І пры неабходнасці, розным установам раённага, абласнога ці рэспубліканскага ўзроўню, каб атрымаць пэўныя звесткі з таго ці іншага сельскага Савета, ужо не давядзецца турбаваць яго запытамі — патрэбную інфармацыю можна будзе ўзяць з партала.

Зразумела, што пры гэтым для кожнага карыстальніка партала будуць вызначаныя свае правы доступу. У прынцыпе, калі працэс пойдзе без збояў, дык праз год-два патрэба ў справаздачах увогуле адпадзе. Праз такі партал усе мясцовыя Саветы змогуць аператыўна актуалізаваць на сваіх камп'ютарах рэспубліканскую прававую базу. У дадатак мы стварылі інфармацыйна-пошукавую сістэму па ўсіх адміністрацыйных працэдурах.

Усю неабходную інфармацыю па любой з больш чым шасцісот адміністрацыйных працэдур, вызначаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 г. № 200, супрацоўнік сельвыканкама зможа знайсці ў лічаныя секунды, у 2—3 этапы: якія дакументы неабходныя для той ці іншай працэдуры, каму яны павінны падавацца, форма заявы і да т.п. Гэта можна адразу раздрукаваць і выдаць наведвальніку.

Стварыць такую пошукавую сістэму нас папрасілі менавіта сельскія Саветы, у першую чаргу тыя, чые тэрыторыі прылягаюць да тэрыторый буйных гарадоў і дзе колькасць жыхароў вылічаецца тысячамі. Таксама завершаная распрацоўка аўтаномнага інфармацыйна-даведачнага тэрмінала па адміністрацыйных працэдурах. Два яго вопытныя экзэмпляры размешчаныя ў Касцюковіцкім і Краснапольскім райвыканкамах. Пры неабходнасці такія тэрміналы могуць быць вырабленыя для кожнага раённага ці мясцовага Савета альбо выканкама.

— Як сёння ідзе ўкараненне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы "Мясцовыя Саветы дэпутатаў"? З якімі праблемамі вы сутыкнуліся?


— Першапачаткова мы павінны былі ў чацвёртым квартале гэтага года ўкараніць АІС у трох мясцовых, адным раённым і, адпаведна, абласным Саветах кожнай вобласці. Але ў працэсе пераарыентаваліся і вырашылі датэрмінова падключыць да сістэмы два раёны Магілёўскай вобласці — Касцюковіцкі і Краснапольскі — цалкам (гэта 7 сельсаветаў у адным раёне і 5 сельсаветаў — у другім). Ну а далей, да 15 снежня, будзем "узнімаць" пілотныя зоны ў іншых абласцях... Праблемы прадбачацца ў першую чаргу з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем — не ў кожным з сельскіх Саветаў па-за пілотнай зонай хапае камп'ютараў, а іх павінна быць як мінімум два, а лепш — тры і больш, з аператыўнай памяццю не менш за 1 гігабайт.

У сувязі з тым, што камп'ютары сельскага Савета, аб'яднаныя ў лакальную сетку, будуць мець доступ да абароненай электроннай пошты органаў дзяржаўнага кіравання MаіlGоv.bу, іх катэгарычна забаронена падключаць да адкрытай сеткі інтэрнэт — каб пазбегнуць пашкоджання вірусамі, псавання базы звестак і хакерства. Гэта жорсткае патрабаванне. А значыць, для падключэння да інтэрнэта сельскаму Савету давядзецца набываць нейкі дадатковы камп'ютар, а значыць, шукаць дадатковыя сродкі.

Гэта, безумоўна, ускладняе справу і стварае пэўнае напружанне, але іншага выйсця я не бачу. Ёсць і яшчэ адна праблема. Каб зрабіць інтэграваную базу звестак па тым ці іншым раёне, нам трэба ахапіць усё яго насельніцтва і ўсе населеныя пункты. А гэта не толькі сельсаветы, але і раённыя цэнтры.

Мы сутыкнуліся з тым, што структуры і ўстановы, якія знаходзяцца ў раённых цэнтрах і падпарадкоўваюцца разнастайным міністэрствам (тыя ж аддзяленні Міністэрства ўнутраных спраў, Мінсувязі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Мінюста, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі), сёння знаходзяць усялякія прычыны, каб не даваць сваю інфармацыю, спасылаюцца на тое, што баяцца парушыць канфідэнцыяльнасць. Думаю, гэтае пытанне трэба вырашаць на рэспубліканскім узроўні і ім павінна ўшчыльную заняцца Міністэрства сувязі і інфарматыкі. Менавіта на яго ўскладзеная каардынацыя дзеянняў па распрацоўцы і ўкараненні аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм у рэспубліцы.

Даўно заўважыў: калі ўкараняецца нешта новае, усе дзейныя асобы падзяляюцца на дзве катэгорыі. Адны шукаюць, як вырашыць пытанне найлепшым чынам, другія — як ад яго пазбавіцца. Апошнія выкарыстоўваюць для гэтага любую магчымасць. Я кажу не пра сельскія Саветы — там якраз разумеюць, што аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма патрэбная, бо закліканая аблегчыць пярвічнаму звяну ўлады жыццё. Затое на больш высокім узроўні абавязкова знаходзяцца службовыя асобы, гатовыя з сур'ёзным выглядам займацца дэмагогіяй і адстойваць "учарашні дзень" — абы толькі не браць на сябе адказнасць. І гэта тармозіць справу.

— Нагадайце яшчэ раз: што неабходна мець сельскім Саветам і раёну ў цэлым, каб укараненне новай аўтаматызаванай сістэмы адбылося практычна без болю?


— Ну, так наўрад ці атрымаецца — многае ж залежыць ад чалавечага фактара... Безумоўна, тыя, хто ўжо цяпер можа ўкараняць новы праект, не павінны адседжвацца і чакаць "адмашкі". Ёсць магчымасць — укараняйце. Вецер не пераменіцца, усё роўна давядзецца гэта рабіць — не сёння, дык заўтра. Для пачатку, як я ўжо казаў, неабходна мець 2-3 камп'ютары з дастатковай аператыўнай памяццю, якія трэба аб'яднаць у лакальную сетку — каб захаваць інфармацыю ў выпадку нейкага збою. Вельмі важна наладзіць на месцах збор сваёй інфармацыі і яе аператыўнае аднаўленне як мінімум адзін раз у месяц...

Ну і зразумела, што ў штаце кожнага райвыканкама павінен працаваць спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях — прычым класны спецыяліст, а не чыесьці непадрыхтаваныя да гэтага пляменнік або нявестка, якіх трэба было "ўладкаваць". Без нармальнага спецыяліста такі праект увогуле цяжка ўкараняць і абслугоўваць. У ім цалкам ці часткова аўтаматызаваныя ўсе працэсы збору, уліку і апрацоўкі інфармацыі.

— Колькі будзе каштаваць такая сістэма аднаму сельсавету?


— За прывязку і ўкараненне праекта ў межах сельсавета распрацоўшчыкі запрошваюць 420 тысяч рублёў. Гэта не датычыцца "пілотнай зоны" і сельсаветаў, у якіх дагэтуль была ўкаранёная сістэма "Сельскі Савет". Для іх падключэнне будзе бясплатным. Разам з тым, распрацоўшчыкам зусім не патрэбна аб'язджаць і падключаць усе сельскія Саветы раёна. Ім дастаткова — на прыкладзе 2—3 сельскіх Саветаў — увесці ў курс спраў раённага спецыяліста па інфармацыйных тэхналогіях. А ўсё астатняе ён зробіць сам. Ну а далей... Інструментарый далі. Хочаце працаваць — працуйце.

Калі няма грошай на лакальную камп'ютарную сетку, для пачатку пастаўце лакальную АІС хоць бы на адзін камп'ютар. Ужо будзе лягчэй. А з часам з'явіцца магчымасць зрабіць лакальную сетку і запрацаваць як належыць.

— А што вы кажаце сваім апанентам, якія лічаць, што ўстаноўка АІС "Мясцовыя Саветы дэпутатаў" — гэта "несвоечасова і дорага"?


— Ведаеце, чакаць можна колькі заўгодна. Галоўнае, каб потым не было позна. Што сёння больш выгадна: мець камп'ютары і выкарыстоўваць іх выключна як "друкарскія машынкі" або паставіць на іх сучасную сістэму, якая будзе сапраўды эфектыўна працаваць? Трэба рухацца наперад, я лічу. У свой час для таго, каб заданне па стварэнні АІС "Мясцовыя Саветы дэпутатаў" уключылі ў Дзяржаўную праграму інфарматызацыі "Электронная Беларусь", мне прыйшлося прайсці праз столькі экспертных саветаў і камітэтаў, што нават успамінаць не хочацца. Многія гаварылі тады: ды нічога ў вас не атрымаецца!..

Але атрымалася. Безумоўна, мы ўзялі на сябе вельмі вялікую і складаную задачу. Такой сістэмы ў нас ніколі не было і наўрад ці яна ёсць яшчэ дзе-небудзь. Так што, думаю, праз год-два з дапамогай укаранёнай АІС мы зможам значна палепшыць умовы працы ў сельскім Савеце. Калі партал будзе працаваць нармальна, наўрад ці каму-небудзь прыйдзе ў галаву патрабаваць ад сельвыканкама нейкую справаздачу.

Звязда
Просмотров: 1013 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024