Статистика |
|
|
Фонд ім. Льва Сапегі |
|
Главная » 2011 » Апрель » 15 » Як набыць запчасткі для імпартнай бензакасы?
Як набыць запчасткі для імпартнай бензакасы? | 18:25 |
Асновай самастойнасці мясцовых органаў кіравання і самакіравання з'яўляецца фінансавая,
рэсурсная база.
З гэтага пачала сваё выступленне на сустрэчы са старшынямі сельскіх і пасялковых
Саветаў, якія з'ехаліся ў Мінск на вучобу, намеснік начальніка ўпраўлення мясцовых бюджэтаў Галоўнага ўпраўлення бюджэтнай
палітыкі Міністэрства фінансаў Таццяна АСТРЭЙКА.
Яна патлумачыла, што ў цяперашні час у нашай краіне праводзіцца паступальная
палітыка, скіраваная на павышэнне фінансавай самастойнасці мясцовых органаў кіравання,
на забеспячэнне мясцовых бюджэтаў рэсурснай базай. У прыватнасці, змяненні, унесеныя
ў Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу 1 студзеня 2011 года,
замацавалі норму, якая дазваляе знізіць датацыйнасць бюджэтаў сельскіх і пасялковых
выканкамаў за кошт таго, што ў бюджэты пярвічнага ўзроўню цяпер залічаецца падаходны
падатак з фізічных асоб па нарматыве, які вызначаецца Саветамі дэпутатаў базавага
ўзроўню.
Вынікі рэалізацыі згаданых змяненняў ужо бачныя, адзначыла Таццяна Анатольеўна.
Калі ў 2010 годзе бездатацыйнымі ў краіне было 55 бюджэтаў пярвічнага ўзроўню,
то сёлета цалкам самадастатковых сфарміравана 198.
— Мясцовыя бюджэты атрымалі рэальныя рычагі для кіравання фінансавымі рэсурсамі,
— пракаментавала выступоўца.
Акрамя падаходнага падатку, які раней размяркоўваўся паміж абласным бюджэтам
і бюджэтамі базавага ўзроўню, а цяпер залічваецца па нарматыве ў бюджэт пярвічнага
ўзроўню, сюды ж у поўным аб'ёме залічваюцца падаткі на ўласнасць (на нерухомасць,
зямельны з фізічных асоб, на нерухомасць па незавершаных аб'ектах будаўніцтва),
збор за аказанне паслуг у галіне аграэкатурызму, дзяржпошліна, збор з нарыхтоўшчыкаў
і інш.
Падатковыя і непадатковыя даходы, што залічваюцца ў бюджэты пярвічнага ўзроўню,
іх склад, структура і нарматывы адлічэнняў замацаваны ў артыкулах 34 і 35 Бюджэтнага
кодэкса.
Да непадатковых даходаў пярвічнага ўзроўню адносяцца даходы ад размяшчэння
грашовых сродкаў на рахунках бюджэтаў, дывідэнды па акцыях, якія знаходзяцца ў
камунальнай уласнасці сельвыканкамаў, плата за права заключэння дагавораў арэнды
капітальных будынкаў, даходы ад здачы ў арэнду ці продажу зямельных участкаў і
маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці сельвыканкама, сродкі, атрыманыя
ад рэалізацыі вернутай у даход дзяржавы безгаспадарчай маёмасці, знаходак, кладаў,
штрафы, плата за размяшчэнне вонкавай рэкламы і інш.
— Можна сцвярджаць, што з унясеннем змяненняў у бюджэтнае заканадаўства мясцовыя
бюджэты пярвічнага ўзроўню атрымалі дастатковую ў сучасных эканамічных умовах
рэсурсную базу для ажыццяўлення сваіх расходных паўнамоцтваў. Безумоўна, для таго,
каб у поўнай меры рэалізаваць свае функцыі, неабходна ашчадна распараджацца маёмасцю,
уцягваць яе ў гаспадарчы абарот і атрымліваць ад гэтага даходы. Акрамя таго, заканадаўча
замацавана права па павелічэнні мясцовымі Саветамі дэпутатаў ставак па падатках
на ўласнасць.
У ранейшай версіі Бюджэтнага кодэкса літаральна двума абзацамі былі прапісаны
кірункі расходаў бюджэтных сродкаў. У новай версіі яны значна больш удакладнены,
пашыраны і канкрэтызаваны. У артыкуле №46 прапісана, што можа фінансавацца з бюджэту
пярвічнага ўзроўню, а што — нягледзячы на тое, што аб'екты фінансавання размешчаны
на тэрыторыі сельсавета — з бюджэтаў іншага ўзроўню. У першую чаргу з бюджэтаў
пярвічнага ўзроўню фінансуюцца расходы на забеспячэнне функцыянавання саміх органаў
мясцовага кіравання і самакіравання.
Акрамя таго, там прадугледжаны расходы на
забеспячэнне правядзення паўторных выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, мясцовых
рэферэндумаў. У мясцовых бюджэтах могуць фарміравацца рэзервовыя фонды мясцовага
прызначэння. Прычым рэзервовыя фонды мясцовых выканкамаў цяпер могуць расходавацца
выключна на тэрыторыі сваіх сельсаветаў і не могуць быць скіраваны на ўмацаванне
фінансавай базы іншых адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак. Яны могуць накіроўвацца
на расходы, якія першапачаткова не былі прадугледжаны ў бюджэце ці былі прадугледжаны
ў недастатковым памеры.
— Аб'ём рэзервовых фондаў пярвічнага ўзроўню нязначны, але суразмерны з тымі
расходамі, якія ажыццяўляюцца мясцовымі выканкамамі пры выкананні бюджэту, — патлумачыла
Таццяна Анатольеўна.
Акрамя іншага, у бюджэтах пярвічнага ўзроўню прадугледжаны расходы на матэрыяльна-тэхнічнае
забеспячэнне грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (памяшканне, сродкі сувязі,
мэбля, аплата камунальных паслуг і іншыя эксплуатацыйныя расходы), паколькі менавіта
гэтыя пункты з'яўляюцца суб'ектамі прафілактыкі злачыннасці на нізавым узроўні
і спрыяюць больш поўнай рэалізацыі мясцовымі органамі кіравання сваіх функцый.
Яшчэ адзін новы кірунак расходаў сельскіх і пасялковых выканкамаў скіраваны на
падтрыманне і далейшае развіццё інфраструктуры дзяржаўнай мяжы і памежнай тэрыторыі.
Гаворка ідзе аб пунктах спрошчанага пропуску, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета
і ў адпаведнасці з законам "Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь" павінны ўтрымлівацца
за кошт бюджэтаў пярвічнага ўзроўню.
Акрамя таго, сюды дадаюцца расходы на выраб
і ўстаноўку інфармацыйных стэндаў аб аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, размешчаных
непадалёку ад дадзенага пункта спрошчанага пропуску, шчытоў з інфармацыяй аб набліжэнні
да прыгранічнай тэрыторыі і звязаных з гэтым абмежаванняў па перамяшчэнні грамадзян,
і інш.
У адпаведнасці з законам "Аб мясцовымі кіраванні і самакіраванні" ў бюджэтах
пярвічнага ўзроўню прадугледжаны такі від расходаў, як пералічэнне ўзносаў Асацыяцыям
мясцовых Саветаў дэпутатаў. Акрамя таго, прадугледжаны і расходы, якія можна ажыццяўляць
за кошт паступленняў сродкаў ад самаабкладання. Рашэннем сходу грамадзян гэтыя
сродкі могуць накіроўвацца ў даход бюджэту і павінны расходавацца ў адпаведнасці
з тымі мэтамі, якія вызначыў мясцовы сход жыхароў.
Адным з найбольш важных кірункаў работы сельскіх і пасялковых выканкамаў з'яўляецца
добраўпарадкаванне населеных пунктаў. На гэта пры фарміраванні іх бюджэтаў абавязкова
закладаюцца пэўныя асігнаванні. Апроч таго, прадугледжаны расходы на вырашэнне
пытанняў у галіне сацыяльнай палітыкі (у прыватнасці, на ўсталяванне пажарных
апавяшчальнікаў у жылых памяшканнях і будынках, якія належаць асобным катэгорыям
грамадзян, у якасці сацыяльнай падтрымкі).
Прадстаўнік Мінфіна звярнула ўвагу на тое, што сёлета фінансавая самастойнасць
сельскіх выканкамаў узмоцнена яшчэ і за кошт таго, што яны атрымалі права на ўнясенне
змяненняў і дапаўненняў у зацверджаны мясцовы бюджэт, на ўдакладненне асобных
паказчыкаў, на ўнясенне змяненняў у паквартальнае размеркаванне расходаў і даходаў.
Раней гэтае права мелі толькі мясцовыя фінансавыя органы.
— Разам з узмацненнем вашай фінансавай самастойнасці павышаецца і ваша адказнасць
за ажыццяўленне сваіх бюджэтных паўнамоцтваў, — звярнулася да прысутных Таццяна
Астрэйка.
— Трэба вельмі скрупулёзна чытаць заканадаўства. Калі ў працэсе сваёй
дзейнасці вы выяўляеце нейкія неўрэгуляваныя пытанні, іх абавязкова неабходна
агучваць, паколькі вы несяце адказнасць як распарадчыкі бюджэтных сродкаў. Неабходна
строга прытрымлівацца планавых асігнаванняў, жыць па сродках, не заключаць дагавораў
звыш планавых асігнаванняў — паколькі абавязкі, прынятыя мясцовымі выканкамамі
звыш узроўню вызначаных асігнаванняў, не з'яўляюцца бюджэтнымі асігнаваннямі,
і законнай магчымасці іх аплаціць за кошт бюджэту вы мець не будзеце. Прашу вас
узмацніць адказнасць пры расходаванні бюджэтных сродкаў!
Пасля завяршэння выступлення старшыні сельскіх Саветаў агучылі праблему з закупкай
запасных частак і рамонтам імпартных бензакосаў, якія былі набыты імі некалькі
гадоў таму для добраўпарадкавання. Пасля таго, як была дадзена ўстаноўка выбіраць
толькі айчынны тавар, косы ляжаць без справы.
— Самае галоўнае — каб бюджэтныя сродкі расходаваліся эфектыўна, — адказала Таццяна
Анатольеўна.
— Калі вы набылі бензакосы за кошт бюджэтных сродкаў (а не за сродкі
ад самаабкладання) і ажыццявілі гэтую імпартную закупку тады, калі гэта яшчэ дазвалялася,
то вы не павінны захоўваць гэтую бензакасу на складзе. Яна ў абавязковым парадку
павінна эксплуатавацца і абслугоўвацца. У кожным райвыканкаме працуюць камісіі
па ўзгадненні імпартных закупак, і эфектыўнасць расходавання бюджэтных сродкаў
з'яўляецца дастатковай падставай для таго, каб камісія дала вам дазвол. Вы не
павінны траціць грошы на закупку новых бензакос, калі ў належным стане знаходзяцца
тыя, што былі набыты раней. Гэта тычыцца і запасных частак, і масла. Усё можна
набыць з дазволу камісіі.
Звязда
|
Просмотров: 1433 |
Добавил: sapieha
|
|
|