Пятница, 26.04.2024, 15:22
| RSS
Главная
Меню сайта
Календарь новостей
«  Февраль 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
Поиск
Друзья сайта
Статистика
Фонд ім. Льва Сапегі
Главная » 2010 » Февраль » 6 » Новы закон без кардынальных навацый
Новы закон без кардынальных навацый
17:20


Новы Закон "Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь" увойдзе ў сiлу 20 лiпеня 2010 года. Гэта базавы нарматыўны дакумент для органаў мясцовага самакiравання. Ён вызначае кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў i органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, арганiзацыйныя i эканамiчныя асновы iх дзейнасцi, адказнасць за рашэннi, якiя прымаюцца.

Закон не ўтрымлiвае кардынальных навацый, якiя iстотна мянялi б статус i функцыi мясцовых органаў улады. У цэлым ён базiруецца на палажэннях Закона "Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь" ад 20 лютага 1991 года. Аднак у iм замацаваны важныя дадатковыя гарантыi мясцовага самакiравання, канкрэтызаваны паўнамоцтвы мясцовых Саветаў. Нормы, якiя датычацца арганiзацыi iх працы, абноўлены з улiкам практыкi правапрымянення.

У прыватнасцi, у законе адлюстравана асаблiвая роля органаў мясцовага самакiравання як органаў народаўладдзя на адпаведнай тэрыторыi. Так, зменены парадак размяшчэння нормаў па пытаннях мясцовага кiравання i самакiравання. Артыкулы закона, якiя рэгулююць пытаннi мясцовага самакiравання, змешчаны перад артыкуламi аб мясцовым кiраваннi. Пры гэтым суб'ектам мясцовага самакiравання вызначана насельнiцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыi. Нагадаем, што раней мясцовае самакiраванне вызначалася як форма арганiзацыi i дзейнасцi грамадзян.


Адначасова ўдакладнены статус мясцовых Саветаў як прадстаўнiчых дзяржаўных органаў на тэрыторыi адпаведных адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак. Так, новы закон прадугледжвае, што Савет у сваёй дзейнасцi па вырашэннi пытанняў мясцовага значэння зыходзiць з агульнадзяржаўных iнтарэсаў i iнтарэсаў насельнiцтва тэрыторыi. Замацаваныя кiрункi дзейнасцi мясцовых Саветаў, якiх цяпер у Беларусi функцыянуе каля 1500. Сярод iх — удзел у абмеркаваннi пытанняў рэспублiканскага значэння, якiя закранаюць iнтарэсы адпаведнай тэрыторыi, унясенне па iх сваiх прапаноў у дзяржаўныя органы i iншыя арганiзацыi, выкананне рашэнняў вышэйстаячых дзяржаўных органаў.

З мэтай гарантавання мясцовым Саветам магчымасцi добраахвотна супрацоўнiчаць i аб'ядноўвацца для сумеснага вырашэння агульных задач у законе ўпершыню замацавана iх права на аб'яднанне ў асацыяцыi. Асацыяцыi могуць стварацца Саветамi ўсiх ўзроўняў у мэтах эфектыўнага ажыццяўлення сваiх паўнамоцтваў, абароны агульных iнтарэсаў i аказання ўзаемадапамогi ў вырашэннi пытанняў мясцовага значэння, iншага садзейнiчання ажыццяўленню функцый мясцовага самакiравання. Рэгiстрацыя асацыяцый будзе праходзiць у абласных (Мiнскiм гарадскiм) выканаўчых камiтэтах. Фармiраванне маёмасцi асацыяцый прадугледжваецца за кошт узносаў iх членаў i iншых крынiц у адпаведнасцi з заканадаўствам.

Сярод гарантый мясцовага самакiравання замацавана права мясцовых Саветаў на судовую абарону. Прадугледжваецца, што Саветы маюць права ў вызначаным парадку звяртацца ў суд для абароны правоў, якiя парушаны цi аспрэчваюцца, або iнтарэсаў, якiя ахоўваюцца законам, у мэтах забеспячэння свабоднага ажыццяўлення iмi сваiх паўнамоцтваў.

Работа з грамадзянамi i юрыдычнымi асобамi — адзiн з галоўных кiрункаў дзейнасцi мясцовых органаў улады. У сувязi з гэтым у законе вызначана роля мясцовых Саветаў у яе ажыццяўленнi. Так, прадугледжана, што Саветы праводзяць мерапрыемствы па ўдасканальваннi арганiзацыi работы з грамадзянамi i юрыдычнымi асобамi, у тым лiку па ўкараненнi ў дзейнасць дзяржаўных органаў i iншых дзяржаўных арганiзацый заяўнага прынцыпу "аднаго акна", а таксама ўдзельнiчаюць у ажыццяўленнi кантролю за правядзеннем такiх мерапрыемстваў. Згодна з законам, Саветы таксама ажыццяўляюць адмiнiстрацыйныя працэдуры i праводзяць на сiстэматычнай аснове мерапрыемствы па iх спрашчэннi.

У законе знайшлi адлюстраванне i iншыя нормы аб адмiнiстрацыйных працэдурах, падведамных Савету. Так, да асаблiвасцяў кампетэнцыi Саветаў абласнога ўзроўню аднесена рэгуляванне парадку ажыццяўлення адмiнiстрацыйных працэдур на адпаведнай тэрыторыi.

У мэтах пашырэння магчымасцяў грамадзян у рэалiзацыi сваiх iнiцыятыў пры вырашэннi пытанняў мясцовага значэння законам прадугледжана такая новая форма мясцовага самакiравання, як удзел грамадзян у фiнансаваннi i (або) пакрыццi выдаткаў бюджэту на вызначаныя iмi мэты. Па рашэннi мясцовага сходу або ОТГС (органа тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання) на тэрыторыi сельсавета, пасёлка гарадскога тыпу, горада раённага падпарадкавання можа праводзiцца збор сродкаў на мэты, вызначаныя мясцовым сходам або ОТГС. Сродкi самаабкладання будуць уключацца ў адпаведны мясцовы бюджэт i выдаткоўвацца выключна на мэты, вызначаныя мясцовым сходам або ОТГС. У законе падрабязна ўрэгуляваныя i iншыя пытаннi, якiя датычацца сродкаў самаабкладання.

Цяпер не вызначаны адзiны парадак рэалiзацыi пераважнага права мясцовых Саветаў дэпутатаў або па iх даручэннi выканаўчых камiтэтаў i мясцовых адмiнiстрацый на набыццё аб'ектаў нерухомасцi, якiя знаходзяцца на адпаведнай тэрыторыi i могуць быць выкарыстаны для мясцовых патрэбаў. Не было адзiнага падыходу да вырашэння гэтых пытанняў i ў практычнай рабоце мясцовых органаў улады. На лiквiдацыю гэтага прабелу накiраваны нормы новага закона. Яны ўстанаўлiваюць, што парадак ажыццяўлення пераважнага права, а таксама пералiк катэгорый аб'ектаў нерухомасцi, на якiя яно распаўсюджваецца, будуць вызначаны заканадаўчымi актамi, праекты якiх Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь даручана ўнесцi на разгляд кiраўнiка дзяржавы.

Эфектыўнасць дзейнасцi органаў мясцовага самакiравання ў значнай ступенi залежыць ад аб'ёму паўнамоцтваў, якiмi яны надзеленыя. Вялiкая ўвага ў новым законе нададзена размежаванню i канкрэтызацыi кампетэнцыi мясцовых Саветаў. Замацавана агульная кампетэнцыя мясцовых Саветаў, якая ажыццяўляецца на ўсiх тэрытарыяльных узроўнях, а таксама дакладна прапiсаная кампетэнцыя Саветаў кожнага ўзроўню — абласнога, базавага i пярвiчнага. Напрыклад, удакладнены i размежаваны паўнамоцтвы Саветаў у дачыненнi да ОТГС. Да агульнай кампетэнцыi Саветаў аднесеная каардынацыя дзейнасцi ОТГС i вырашэнне пытанняў дэлегавання iм асобных паўнамоцтваў Саветаў. Саветы абласнога ўзроўню правамоцныя сцвярджаць прыкладнае палажэнне аб ОТГС.

Гарадскiя саветы (гарадоў з раённым падзелам), Саветы пярвiчнага ўзроўню вылучаюць кандыдатаў у члены калегiяльных ОТГС, прымаюць рашэннi аб лiквiдацыi калегiяльнага ОТГС у выпадку сiстэматычнага або грубага парушэння iм патрабаванняў заканадаўства, ажыццяўляюць кантроль за дзейнасцю ОТГС. Акрамя таго, да асаблiвасцяў кампетэнцыi Саветаў пярвiчнага ўзроўню таксама адносiцца зацвярджэнне палажэння аб аднаасобным ОТГС.

Пры гэтым у законе адлюстраваны не ўсе, а толькi асноўныя паўнамоцтвы мясцовых Саветаў. У закон не ўключаны iншыя канкрэтныя iх паўнамоцтвы ў асобных сферах адносiнаў, якiя ўжо вызначаныя ў спецыяльных заканадаўчых актах, што рэгулююць гэтыя адносiны. Такi падыход найбольш мэтазгодны: ён выключае дубляванне нормаў прававых актаў. Пры гэтым аб'ём паўнамоцтваў мясцовых Саветаў нi ў якiм разе не звужаецца.

Так, у закон не былi ўключаны палажэннi, што датычацца фармiравання даходнай часткi мясцовых бюджэтаў i вызначэння напрамкаў выдаткоўвання iх сродкаў. Гэтыя пытаннi падрабязна ўрэгуляваны ў Бюджэтным кодэксе Рэспублiкi Беларусь. Разам з тым, законам вызначана, што арганiзацыйна-тэхнiчнае i iншае забеспячэнне дзейнасцi Савета i створаных iм органаў ажыццяўляецца апаратам Савета i выканкамам за кошт сродкаў адпаведнага мясцовага бюджэту. Пры гэтым да кампетэнцыi Саветаў аднесены зацвярджэнне мясцовага бюджэту i справаздачы аб яго выкананнi. Такiм чынам, новы закон захоўвае паўнамоцтвы мясцовых Саветаў у бюджэтна-фiнансавай сферы. У сукупнасцi з палажэннямi Бюджэтнага кодэкса яго нормы павышаюць фiнансавую самастойнасць Саветаў усiх узроўняў, заканадаўча замацоўваюць iх бюджэтныя паўнамоцтвы, ствараюць умовы для эфектыўнага
бюджэтнага планавання выдаткаў мясцовых органаў улады.

Для забеспячэння найбольш поўнай рэалiзацыi функцый мясцовага самакiравання ў новым законе ўдакладнены правiлы дэлегавання паўнамоцтваў. Вызначана, што мясцовыя Саветы дэпутатаў розных узроўняў маюць права адзiн аднаму паўнамоцтвы толькi разам з неабходнымi для iх ажыццяўлення рэсурсамi. Саветы таксама маюць права дэлегаваць свае паўнамоцтвы выканкамам, iх старшыням, ОТГСам па просьбе або са згоды гэтых органаў, за выключэннем паўнамоцтваў, якiя ажыццяўляюцца выключна на сесiях Саветаў.

З мэтай найбольш поўнага забеспячэння легiтымнасцi дзейнасцi мясцовых Саветаў i рашэнняў, якiя iмi прымаюцца, у законе ўтрымлiваюцца ўдакладненнi працэдуры i арганiзацыi iх дзейнасцi. Гэтыя ўдакладненнi патрабуюць унясення змяненняў у рэгламенты Саветаў. Так, дадаткова вызначаны агульны тэрмiн пачатку паўнамоцтваў Савета: з дня адкрыцця яго першай пасля выбараў сесii. Таксама ўстаноўлена, што дзейнасць Савета, парадак вырашэння iм усiх пытанняў вызначаюцца рэгламентам, якi зацвярджаецца Саветам. Пры гэтым нормы рэгламенту павiнны адпавядаць палажэнням закона. На падставе практыкi, якая склалася, у iм цяпер знайшлi дакладнае адлюстраванне асновы парадку дзейнасцi Саветаў, формы такой дзейнасцi, пералiк органаў, якiя яны ствараюць, замацавана магчымасць стварэння i дзейнасцi ў Саветах дэпутацкiх груп i iншых дэпутацкiх аб'яднанняў. У законе таксама прадугледжана патрабаванне аб тым, што органы Савета павiнны быць самастойна iм утвораны не пазней чым у двухмесячны тэрмiн з дня склiкання першай сесii.

Зменены i кворум сесii. Згодна з новым законам, сесiя правамоцная, калi ў ёй удзельнiчаюць не менш як дзве трэцi ад лiку выбраных дэпутатаў. У дзейным законе кворум сесii Савета прадугледжаны колькасцю больш за палову ад лiку выбраных дэпутатаў.

Удакладнены парадак галасавання i кворум прыняцця рашэнняў Савета i яго органаў. Вызначана, што рашэннi Савета i яго прэзiдыума прымаюцца простай
большасцю галасоў. Пры гэтым большасць галасоў лiчыцца ад лiку выбраных дэпутатаў Савета, а рашэннi прэзiдыума — ад поўнага складу прэзiдыума (гэта значыць, ад агульнай колькасцi членаў прэзiдыума, якiя павiнны ўваходзiць у яго склад згодна з законам i рашэннем Савета).

Некалькi абмяжоўваюцца функцыi прэзiдыума Савета па склiканнi сесiй. Раней сесii маглi склiкацца як па iнiцыятыве старшынi Савета, так i па iнiцыятыве прэзiдыума Савета. Новым законам прадугледжана, што сесii Савета склiкаюцца i праводзяцца старшынёй Савета (яго намеснiкам), а прэзiдыум можа склiкаць сесiю толькi пры пэўных умовах. У шэрагу выпадкаў пераразмеркаваны паўнамоцтвы Савета i прэзiдыума. Напрыклад, згодна з дзейным законам, прэзiдыум арганiзоўваў кантроль за выкананнем рашэнняў Савета. Паводле новага закона, прэзiдыум будзе забяспечваць гэты кантроль.

З улiкам адзiнства задач органаў мясцовага кiравання i самакiравання па збалансаваным i комплексным развiццi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак прадугледжана, што пытаннi на сесiю Савета могуць уносiць, у лiку iншых, старшыня выканкама, выканкам. Раней яны маглi ўносiць пытаннi на сесiю Савета толькi ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.


Наталля КАРПОВІЧ, начальнiк Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.

"Звязда"

Просмотров: 997 | Добавил: sapieha
Конструктор сайтов - uCozCopyright NGO "Lev Sapieha Foundation" © 2024